Вторник, 5 ноября 2024

Ветэран працы Любоў Іванаўна Каўганка

325

Памылка ўрача ў пастаноўцы дыягназу можа стаць фатальнай, таму на дапамогу ведам і вопыту прыходзяць разумная апаратура, разнастайная медтэхніка. І, зразумела, амаль ніводнае ўрачэбнае назначэнне не робіцца без вынікаў лабараторных даследаванняў крыві. Дзіўна ўявіць цяпер, але клініка-дыягнастычная служба ў Пружанах у сучасным яе разуменні з‘явілася крыху больш за паўстагоддзя таму. А ля яе вытокаў стаяла ветэран працы Любоў Іванаўна Каўганка. Да яе ў госці мы і накіраваліся напярэдадні Дня медыцынскага работніка.

Усім вядомы выраз «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся» як нельга лепш падыходзіць да гераіні нашага аповеду. За плячыма ў ветэрана 41 год працоўнага стажу, з іх 38 — у Пружанскай ЦРБ. Пасля заканчэння Мінскага медыцынскага інстытута маладога спецыяліста, урача агульнай практыкі накіравалі ў Магілёўскую вобласць. Любоў Іванаўна пачынала сваю працоўную дзейнасць у якасці педыятра ў школе г. Мсціслаўля.

— Я заўсёды хацела быць толькі ўрачом, ніякія іншыя накірункі дзейнасці нават не разглядала, — падкрэслівае жанчына. — У нашай сям’і ўрачоў ніколі не было, і бацька, і старэйшыя сёстры — педагогі, а я абрала прафесію па поклічы сэрца. Калі была ўжо студэнткай трэцяга курса, наведвала дадатковыя заняткі ў навукова-практычным гуртку пры кафедры тэрапіі. Там упершыню сутыкнулася з лабараторнымі даследаваннямі і захапілася гематалогіяй. Таму, калі галоўны ўрач Мсціслаўскай бальніцы ў дадатак да педыятрыі прапанаваў мне стаўку лабаранта, адразу ж пагадзілася.

Праз тры гады па сямейных абставінах Любоў Каўганка вярнулася на малую радзіму і працягнула займацца любімай справай. У гэты час у Пружанскай райбальніцы пачала ўдасканальвацца клінічная лабараторыя: завозілася сучаснае абсталяванне, патрэбныя рэактывы. І ў 1969 годзе Любоў Іванаўна, якая ўжо мела пэўны вопыт у гэтай сферы, узначаліла яе. Не проста працавала адказна і аддана многія гады: пастаянна вучылася сама, перадавала свой вопыт, рыхтавала новыя кадры… І аддавала людзям не толькі свой прафесіяналізм, вышэйшы ўзровень майстэрства, але і шмат душэўнага цяпла.

А яшчэ Любоў Каўганка заўсёды была актывісткай. Мела выдатны голас, са студэнцкіх гадоў спявала ў хоры. Вопыт выступленняў спатрэбіўся і ў Пружанах. У новым калектыве адразу праявіла сябе выдатным арганізатарам вольнага часу, стала актыўным членам прафкама. Згуртаваўшы вакол сябе аднадумцаў, занялася грамадскай дзейнасцю.

— Жылі настолькі дружна і весела, што часу хапала і на працу, і на актыўны адпачынак. З нашым хорам мы ездзілі з канцэртамі, выступалі ў Брэсце і Мінску, удзельнічалі ў конкурсах рэспубліканскага ўзроўню, рыхтавалі вечары адпачынку. Як гады праляцелі, нават не ведаю, проста як кінастужка. Сілы, канечне, ужо не тыя, але так яшчэ хочацца быць карыснай людзям. Дагэтуль усе тэлефануюць, цікавяцца здароўем, ва ўсім дапамагаюць, нават да гэтага часу просяць даць парады па пытаннях дыягностыкі. Я адразу ўключаюся ў гутарку і разумею: калі не забываюць, значыць, я яшчэ патрэбна.

Размова ў нас атрымалася доўгай і цікавай. Любоў Іванаўна настолькі захоплена гаворыць аб сваёй прафесіі, што мімаволі разумееш: перад табой Урач з вялікай літары. А яшчэ яна глыбокі, душэўны, адказны чалавек. Шчыра прызналася, што да сустрэчы доўга рыхтавалася, перабрала фотаальбомы, асвяжыла ўспаміны. І як любая жанчына, якая чакае ў дом гасцей, сустрэла нас пры поўным парадзе. Я адразу звярнула ўвагу на велізарную колькасць кніг у гасцінай. Як аказалася, усе перачытаны. На сценах карціны з вышыўкамі ручной работы. І адразу становіцца ясна: рознабаковы чалавек таленавіты ва ўсім.

Вядома ж, не абышлося без добрых і цёплых слоў віншаванняў у адрас калег, з якімі доўгія гады ішла побач, ветэранаў медыцынскай службы, маладых спецыялістаў:

— Хочацца пажадаць толькі аднаго: любіце сваю работу, ніколі не збочвайце з абранага шляху, смела ідзіце наперад, нават калі часам бывае цяжка. Жыццё не заўсёды роўнае, бываюць розныя моманты, але палюбіце яго ўсёй душой і адкрытым сэрцам, тады яно абавязкова адкажа вам узаемнасцю. Здароўя ўсім, міру, дабрабыту!

Ірына ВЕЛЯСЕВІЧ