Понедельник, 16 сентября 2024

Ветэран працы Канстанцін Чапялевіч з Лінова адзначыў 90-гадовы юбілей!

671

Некалькі дзён таму каля вёскі Альшаны быў знойдзены боепрыпас часоў Вялікай Айчыннай вайны — 105-міліметровы артылерыйскі снарад, больш падобны на кавалак жалязякі. Гэтая знаходка зноў прымусіла ўзгадаць пра падзеі ваеннага часу, якія разгортваліся на тэрыторыі Ліноўскага сельсавета.

Сярод тых яго жыхароў, хто памятае і пачатак вайны, і яе заканчэнне, Канстанцін Сцяпанавіч Чапялевіч. У 1941 годзе хлопчык з вёскі Варотнае скончыў першы клас.

— Месца, дзе мы жылі, называлі «Выселкі» або «хутар Жорнаўскі», як потым я па дакументах глядзеў, але на хутар яно было мала падобна. Тут адасоблена стаяла пяць дамоў, якія аддзяляла ад астатняй часткі вёскі дрыгва. Быў зроблены абход такі, кладкі паклалі, каб у вёску прайсці, мы па іх і ў школу хадзілі. А немцы ў 1941-м напрасткі ўперліся з танкамі і ў тым балоце заселі. Матацыклісты пераехалі неяк, а танкі потым выцягвалі цягачом. У той глушы мы неяк не зведалі вялікіх жахаў, нават школа працавала. Вучылі ў асноўным на ўкраінскай мове па старых савецкіх падручніках (там, дзе пра Леніна, партыю, старонкі вырваны былі). У апошні год перад вызваленнем немцы прыходзілі толькі для таго, каб забраць нешта, а ў нас нібы і ўлады ніякай не было. Прызначалі солтыса, ды ніхто гэтыя абавязкі выконваць не хацеў, фашыстам прыслужваць, таму мужчыны дамовіліся і мяняліся праз кожныя тры месяцы.

А ў 1944-м, пры вызваленні, мне ўжо 11-ы год ішоў, я кароў пасвіў. Падзеі неяк вельмі хутка разгортваліся, калі вызваленчыя баі ішлі, мы адну ноч толькі не начавалі дома. Бабуля сказала: нікуды не пайду са сваёй хаты, няхай хоць расстраляюць. Як бачыце, жывыя засталіся. А вось маю маці хросную, якая выйшла замуж у Обеч, і ўсю яе сям‘ю немцы забілі ў 1943 годзе.

На долю тых, хто застаўся ў жывых у гады Вялікай Айчыннай, лёг цяжар аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі. Уключылася ў яго і пакаленне «дзяцей вайны». Канстанцін Чапялевіч прызнаецца, што фактычна ўся яго працоўная біяграфія звязана з цяперашнім ААТ «Ліноўскае».

— У 1962 годзе закончыў Маларыцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі (14 груп тады ў нас было і ў кожнай па 30 чалавек), — расказвае ён. — І вось я на малой радзіме бацькі, у Лінова, дзе на той час быў калгас «30 гадоў БССР». Падвялі мяне да камбайна: «Будзе твая машына». Гэта быў С-4 з прычапным капніцелем. Я 25 сезонаў на ім і адпрацаваў падчас жніва. Калі хто памятае, у той капніцель паступала салома з камбайна, а зверху стаялі два хлопцы з віламі і яе скідвалі. Праз пэўны час мяне перавялі ў брыгадзіры трактарнай брыгады, а калі брыгады перафарміравалі ў трактарна-паляводчыя, узначаліў другую, у вёсцы Альшаны. Пазней зноў звялі ўсіх у трактарную брыгаду, а мне да пенсіі заставалася гады чатыры, я ўжо не пайшоў, застаўся брыгадзірам паляводчай. Тут і дапрацаваў да пенсіі.

Канстанцін Сцяпанавіч расказвае пра сябе сціпла, больш узгадвае «рабочыя» моманты жыцця, былых калег. Але ў шуфлядцы побач з памятнымі фотаздымкамі, шматлікімі граматамі ляжыць акуратна складзеная чырвоная стужка «Лепшы камбайнер», у скрыначцы — ордэн «Знак Пашаны», атрыманы за адданую працу напрыканцы 1960-х гадоў.

— З ліноўцаў я першы быў ім узнагароджаны, — кажа ветэран працы. — Напэўна, таму, што працу сваю любіў, хварэў за родную гаспадарку, ніколі не лічыўся з часам: патрэбна зрабіць — і робіш. А наогул наш калгас у тыя часы быў «мільённікам», ва ўсіх на слыху. Працавалі тады ў асноўным мясцовыя людзі, прыезджыя неяк амаль не затрымліваліся. Брыгады былі ў Аранчыцах, Млынку, Лінова-1, Лінова-2, Альшанах. Цяперашняя птушкафабрыка спачатку існавала як паляводчая брыгада, дзе пабудавалі птушнік. Памятаю, прыедзем, да птушніка камбайны паставім, а на раніцу чысценькія яны, куры выдзяўбуць зерне адусюль…

Успаміны, успаміны… Многае засталося за плячыма, добрае і дрэннае. Такое жыццё. Дачка і сын атрымалі вышэйшую адукацыю, стварылі свае сем‘і (сын, дарэчы, жыве побач, таксама працуе ў «Ліноўскім»), выраслі ўнукі, двое праўнукаў гадуюцца. Але нібы асірацеў утульны дом, калі шэсць гадоў таму не стала жонкі. Ды і сваіх праблем са здароўем узрост дадае. «Пра балячкі не будзем!» — катэгарычна стукае кійком па падлозе ветэран, шкадуе толькі, што вадзіцельскую медкамісію ўжо не прайшоў, немагчыма самому за руль аўто сесці. Летам ратуе ад адчування адзіноцтва сад, зімой — кнігі, красворды, ды і з «раёнкай» сябруе, цікавіцца ўсімі мясцовымі навінамі. І чытае, між іншым, без акуляраў.

У сераду Канстанцін Сцяпанавіч адзначыў свой 90-ы дзень нараджэння. Шчыра віншуем з такой значнай датай, жадаем і надалей сустракаць кожную раніцу з усмешкай і аптымізмам, быць па-ранейшаму патрэбным блізкім, захаваць востры розум і бадзёрасць яшчэ на доўгія гады. Здароўя Вам.

Ірына Сядова. Фота аўтара