Воскресенье, 20 апреля 2025

Ветеран Иван Алекумов передал библиотеке книги о войне

623

У кніжным фондзе Пружанскай цэнтральнай бібліятэкі імя М.Засіма нямала выданняў, змест якіх датычыцца падзей Вялікай Айчыннай вайны. У сувязі з 75-й гадавінай Вялікай Перамогі тут нават вырашылі выставіць іх у асобную экспазіцыю, якая складаецца з розных раздзелаў. А на днях яе дапоўнілі яшчэ некалькімі выданнямі: «Уся гісторыя Вялікай Айчыннай вайны.

Поўная хроніка Перамогі» Андрэя Сульдзіна, «Курская бітва. Найвялікшая ў гісторыі танкавая бітва» Ніка Корніша і «Курская бітва. Усё пра бой, які вырашыў лёс Другой сусветнай» Аляксея Ісаева.

У ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Міхайлавіча Алякумава даўняе цеснае сяброўства з мясцовай бібліятэкай: ён з’яўляецца частым госцем мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай тэматыкі, якія праводзяцца ва ўстанове. Акрамя таго, ён нярэдка перадае кнігі ваеннай тэматыкі са сваёй хатняй бібліятэкі для грамадскага карыстання. На мінулым тыдні ветэран уручыў яшчэ тры кнігі.


— Па зразумелай прычыне заўсёды цікаўлюся выданнямі, якія тычацца Вялікай Айчыннай вайны. Нядаўна ў Расіі заказаў некалькі экзэмпляраў кніг, якіх у мяне яшчэ не было. Па адным вырашыў перадаць бібліятэкам: крыху раней у Пружанскі каледж, цяпер вось і цэнтральнай раённай, — расказаў ветэран пра ўласную ініцыятыву. — Няхай моладзь чытае: памяць пра гэтыя падзеі павінны захаваць наступныя пакаленні.


Мерапрыемства па перадачы кніг цэнтральнай бібліятэцы імя М.Засіма меркавалася правесці больш маштабна, каб гэта быў наглядны прыклад для іншых, але эпідэміялагічная абстаноўка ўнесла свае карэктывы ў гэтыя планы. Сабраўшыся ў ветэрана невялікім колам зацікаўленых, дырэктар бібліятэкі Т.Р.Гуторкіна з удзячнасцю прыняла кнігі. Да слова, адна з іх — хроніка Вялікай Айчыннай вайны: у ёй расказана пра трагедыі, гучныя баі, подзвігі, няўдачы, Перамогу — усё, што давялося перажыць савецкаму народу за кожны з 1418 дзён і начэй. Яе называюць унікальнай кнігай, у якую ўвайшла вялікая колькасць архіўных матэрыялаў, самых розных крыніц, успамінаў відавочцаў, газет, скрупулёзна адноўлена карціна кожнага дня.


Як звярнуў увагу старшыня раённага савета ветэранаў С.С.Лаўрыновіч, Іван Міхайлавіч, нягле-дзячы на свой паважаны ўзрост, шмат сіл і часу аддае патрыятычнаму выхаванню. Адшукаўшы цікавае выданне, ён прыклаў намаганні, каб яно было даступна і для пружанцаў.


Варта адзначыць, што сёння І.М.Алякумаў піша кнігу асабістых успамінаў пра гады ваеннага ліхалецця, асобны раздзел якой прысвечаны Курскай бітве, непасрэдным удзельнікам якой ён з’яўляўся. Сістэматызаваць мемуары для выдання на паперы ветэрану дапамагаюць работнікі бібліятэкі.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).