Четверг, 25 апреля 2024

Веснавы прызыў: 65 пружанскіх хлопцаў атрымалі павесткі ў армію

657

Традыцыйна двойчы на год – вясной і восенню – у краіне праводзіцца прызыў на тэрміновую службу ў арміі. Далучаецца да гэтага мерапрыемства і Пружаншчына, з якой штогод сотні юнакоў адпраўляюцца на «вучобу» ў сапраўдную школу мужнасці.

Нядаўна такой місіі былі ўдастоены 65 пружанскіх хлопцаў ва ўзросце ад 19 да 24 гадоў. Як паведамляе начальнік групы прызыву на ваенную службу раённага ваенкамісарыята Андрэй Якімовіч, у дапрызыўных мерапрыемствах удзельнічалі ўсе, хто атрымаў павесткі. Таксама будучыя абаронцы Айчыны ў поўным саставе з’явіліся на фінальнае мерапрыемства – Дзень прызыўніка, якое прайшло напрыканцы мінулага тыдня.

Ва ўрачыстай абстаноўцы, якая была створана ў гарадскім Палацы культуры, юнакі атрымалі дакументы на адпраўку ў вайсковыя часці. Наступныя год ці паўтара ім давядзецца пабываць у Мінску, Гродне, Брэсце, Слоніме, дзе навабранцы пройдуць вайсковую навуку ва ўнутраных, пагранічных і іншых армейскіх падраздзяленнях. Са словамі віншавання і парадамі да будучых вайскоўцаў звярнуліся старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, памочнік начальніка аддзела аховы Аляксандр Кунда, старшыня ДТСААФ Валерый Гарахавіцкі і айцец Дыянісій. Гэтыя традыцыйныя словы ў дарогу былі з цікавасцю ўспрыняты хлопцамі. Між тым, вельмі карысным было б на такіх мерапрыемствах арганізаваць выступленні тых, хто толькі што дэмабілізаваўся, каб на ўласным прыкладзе амаль што равеснікі маглі б расказаць больш карысных звестак.

Акрамя таго, тым, хто падчас Дня прызыўніка прысутнічаў у зале ГПК, запомніцца і выступленне пружанскіх самадзейных артыстаў.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара