Понедельник, 21 апреля 2025

Вербніца, Вербніца! У шчасце сёння верыцца!

461

Адзін з найважнейшых дзён у хрысціянскім календары, які заўсёды адзначаецца за тыдзень да Вялікадня, праваслаўныя называюць Вербнай, а каталікі — Пальмовай нядзеляй. У народзе ж «прыжылася» назва Вербніца.

Афіцыйная назва свята (дарэчы, сёлета дата святкавання — 13 красавіка — супадае ва ўсіх хрысціянскіх канфесіях) — Уваход Гасподні ў Іерусалім. Гэта падзея апісана ва ўсіх чатырох Евангеллях і сімвалізуе ўрачыстае прыбыццё Ісуса Хрыста ў Іерусалім напярэдадні яго пакут на крыжы. Народная ж назва звязана з асаблівасцямі клімату і флоры: калі ў Іерусаліме Хрыста сустракалі пальмавымі галінамі, то ў паўночных шыротах іх замянілі на галінкі вярбы — аднаго з першых дрэў, якія абуджаюцца ўвесну.

З Вербніцай звязана мноства звычаяў — як царкоўных, так і народных. Адны прыйшлі да нас з глыбіні стагоддзяў разам з хрысціянствам, іншыя сфарміраваліся пазней, увабраўшы ў сябе народныя абрады і ўяўленні пра вясну, ачышчэнне і новае жыццё.

Галоўная традыцыя — асвячэнне галінак вярбы ў храме. Гэта адбываецца ўвечар у суботу ці раніцай у нядзелю. Пасля службы вярбу нясуць дахаты і ставяць каля абразоў — гэта памяць аб ахвяры Ісуса Хрыста, з якой пачаўся Страсны тыдзень, сімвал духоўнага абнаўлення і своеасаблівы абярэг на ўвесь год. Старыя галінкі не выкідваюць — спальваюць з малітвай ці аддаюць вадзе. У каталікоў ёсць традыцыя спальваць іх перад Вялікім постам, каб атрымаць попел для службы ў Папяльцовую сераду.

Мабыць, Вербніца — адзіны дзень у годзе, калі атрымаць удар галінкай па спіне — гэта нагода не пакрыўдзіцца, а наадварот — парадавацца. Рытуал «хвастання» суправаджаўся ў нашых продкаў прыгаворваннем: «Вербахлёст, бі да слёз! Не я б’ю — вярба б’е. Будзь здаровы на ўвесь год!» Лічылася, што такія «ўдары» чысцяць цела і душу, надаюць сілы, абараняюць ад хвароб і нагавору.

Вербніца — дзень радасны, але і напоўнены асаблівым сэнсам. Для вернікаў ён — не проста магчымасць асвяціць галінку вярбы, а нагода задумацца пра  сваю душу, учынкі, веру.

Варта ў гэтае свята не проста наведаць храм, паўдзельнічаць у літургіі, але і падарыць цяпло блізкім людзям, шчыра паразмаўляць, паўспамінаць. Лічыцца, што ўсё добрае, зробленае ў Вербную нядзелю, вяртаецца.

А чаго катэгарычна нельга рабіць, дык гэта сварыцца, лаяцца, асуджаць. Дзень Уваходу Гасподняга ў Іерусалім павінен быць напоўнены святлом, як і сам Выратавальнік, які заехаў у горад не з мячом, а з  любоўю.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны МАСІК