У мінулую нядзелю ў Бярозе завяршыўся чарговы чэмпіянат Беларусі па веласпорце — шматдзённая гонка на шашы на прызы «Сельскай газеты», якая атрымала неафіцыйную назву «Тур дэ Брэст» па аналогіі са знакамітай французскай сястрой «Тур дэ Франс».
Напярэдадні велашматдзёнкі гоншчыкі апрабавалі асфальт Брэстчыны падчас чэмпіянату Беларусі ў каманднай гонцы на 50 кіламетраў.
Першы этап шматдзённай гонкі пачаўся ад сцен Брэсцкай крэпасці. Пасля ўскладання вянкоў да Вечнага агню 55 гоншчыкаў з шасці каманд пераадолелі 124 кіламетры і фінішавалі ў вёсцы Дзмітровічы. Першым на фініш прыйшоў прадстаўнік каманды горада Мінска Сяргей Папок. Другім стаў Браніслаў Самойлаў з Віцебскай вобласці, і трэцім — Канстанцін Клімянкоў з Мінскай. Лепшым сярод маладых гоншчыкаў быў Дзяніс Мазур з каманды Брэсцкай вобласці.
Другі этап велагонкі павінен быў стартаваць у вёсцы Камянюкі і фінішаваць у Камянцы, але арганізатары вырашылі змяніць маршрут і зрабіць яго закальцаваным — са стартам і фінішам у Белавежскай пушчы. На гэтым этапе гоншчыкаў чакала выпрабаванне — жвірыстыя дарогі. Тут перамогу святкаваў Уладзіслаў Цімошык (Брэсцкая вобласць). Другое і трэцяе месцы дасталіся велагоншчыкам з Мінскай вобласці — Мікіту Баравіку і Канстанціну Клімянкову.
На трэцім этапе індывідуальную гонку на 20 кіламетраў выйграў Браніслаў Самойлаў. Другім стаў Сяргей Папок, а трэцім — мінчанін Васіль Бяляўскі.
Чацвёрты этап велашматдзёнкі фінішаваў у мінулую пятніцу ў Пружанах. Гоншчыкі пераадолелі 117 кіламетраў паміж Камянюкамі і Пружанамі.
Пасля адпачынку ў нашым горадзе велагоншчыкі ў суботу выйшлі на старт самага працяглага пятага этапу паміж Пружанамі і Белаазёрскам.
У нядзелю велагоншчыкі пераадолелі заключны этап паміж Белаазёрскам і Бярозай.
Як паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў Анатоль Замушынскі, пераможцам шматдзённай велагонкі стаў Сяргей Папок. У камандным заліку мацнейшымі таксама сталі спартсмены горада Мінска. У ліку прызёраў — каманды Віцебскай і Мінскай абласцей.
Мікола Архуцік, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).