
Каб ніхто не застаўся без галоўнага сімвала свята, напярэдадні Вялікадня з канвеера Пружанскага хлебазавода сыходзіць сотні святочных кулічоў. Іх паказала нам вядучы інжынер па якасці Надзея Крышчык. Але пра традыцыі і сакрэты святочнай выпечкі расказалі не толькі на хлебазаводзе.
Вясна поўным ходам уступае ў свае правы, напаўняючы паветра цеплынёй і звонкім спевам птушак, а ў хатах разліваецца салодкі, ванільны водар свежых кулічоў. Гэты дух — нібы прадчуванне светлага свята Вялікадня, калі за сталом збіраюцца родныя і блізкія, а на бела-снежным абрусе красуюцца румяныя кулічы, нібы маленькія сонцы, як знакі адраджэння і радасці.
Традыцыя пячы святочныя кулічы сыходзіць каранямі ў глыбокую старажытнасць. У хрысціянстве гэтая выпечка набыла новы сэнс, стала сімвалам Уваскрэсення Хрыстова, той самай добрай весткі, якая напоўніла радасцю сэрцы вернікаў. Гаспадыні пяклі ў печы, а ў хаце панавала поўная цішыня, каб куліч «не спалохаўся» і стаў пышным і лёгкім.
На святочным стале ён займае пачэснае месца побач з афарбаванымі яйкамі, якія таксама нясуць глыбокі сакральны сэнс. Калі яйка — гэта сімвал пачатку жыцця, то куліч — увасабленне шчодрасці і падзякі.
Сёння многія аддаюць перавагу гатовай выпечцы, якой забяспечвае ў тым ліку і Пружанскі хлебазавод. Кожны год хлебабулачныя вырабы, прыгатаваныя тут як па традыцыйных рэцэптах, так і з улікам попыту сучасных спажыўцоў, радуюць пакупнікоў тонкім смакам і прыгожым афармленнем.

— Мы працуем па заявачнай сістэме, каб загадзя ведаць, колькі спатрэбіцца сыравіны для вырабу святочнай выпечкі, — распавядае начальнік вытворчасці Ніна Жыдзецкая. — Сёлета для велікодных кулічоў і разнастайных пірагоў распрацавана новая рэцэптура: кулічы з тварагом, з разынкамі, ванільна-сметанковыя з рознай пасыпкай, памадкай і ўпрыгожваннямі ў выглядзе медальёнаў, кветак, матылькоў. Святочны дэкор надасць велікоднаму сталу пяшчоты, цяпла і ўтульнасці.
Для зручнасці пакупнікоў кулічы будуць рознай вагі: у 100, 200, 300, 400 грамаў, а таксама ў розных упакоўках.
Пірагі таксама будзем выпякаць з рознымі начынкамі, у тым ліку, новымі. Напрыклад, тры ў адным: тварог і два віды джэму, яшчэ з карыцай, з ваніллю. Яны будуць трошкі іншай формы, але гэта пакуль пакінем у сакрэце.
Самы вялікі фармавы пірог важыць 2,5 кг, а самы маленькі — 400 грамаў, можна выбраць у залежнасці ад патрэб сям’і.
Рэалізацыя вырабаў будзе ажыццяўляцца ва ўсіх гандлёвых кропках Пружанскага райспажыўтаварыства, а таксама ў цэнтры горада на адкрытай пляцоўцы. Паедзе наша выпечка і да суседзяў — у Кобрын і абласны цэнтр.
Над вырабам святочнай выпечкі працуе ўвесь калектыў — ад тэхнолагаў, начальніка лабараторыі, дэгустацыйнай камісіі да рабочых у вытворчым цэху, якія на фінальным этапе ўкладваюць душу ў свае вырабы.
Дарэчы, нам паведамілі, што дзякуючы новым распрацоўкам змяніліся тэрміны прыдатнасці прадукцыі: у адкрытым выглядзе кулічы не губляюць сваіх якасцей 4 сутак, ва ўпакоўцы — 6. Гэта выдатная магчымасць атрымліваць асалоду ад велікодных ласункаў практычна ўвесь святочны тыдзень.
Аднак не ўсе пружанцы кулічы купляюць, ёсць і тыя, хто свята захоўвае сямейныя традыцыі, дастаючы з запаветных сшыткаў пажоўклыя ад часу рэцэпты, перададзеныя яшчэ бабуляй. Замяшаны на цёплых успамінах, аздоблены цярпеннем і любоўю пачастунак становіцца самым кранальным упрыгожваннем велікоднага стала.
Некаторымі сакрэтамі прыгатавання з намі падзялілася ўдзельніца, валанцёр клуба «Магія кулінарыі» дзённага аддзялення ТЦСАН Таццяна Дубейка, якая ўсё жыццё велікодныя кулічы пячэ сама.

— Самае галоўнае, з чаго трэба пачынаць — з добрага настрою. Тут важны спакой і лад, цеста не церпіць мітусні. А таксама скразнякоў, усе форткі павінны быць зачынены, тады і рошчына падыдзе своечасова, і цеста будзе паслухмяным і мяккім. Далей, як вучыла мая бабуля, трэба апрануць чыстае адзенне, прыбраць валасы пад хустку, памыць твар, перахрысціцца, пачытаць «Ойча наш». І толькі тады з любоўю да бліжніх і пачуццём таямніцы свята брацца за работу. У гэтым ёсць нейкая магія і глыбокі сакральны сэнс.
І яшчэ, усе прадукты павінны быць пакаёвай тэмпературы, а яйкі — абавязкова хатнія. Прычым жаўткі нашымі бабулямі дадаваліся асобна, а бялкі выкарыстоўваліся толькі для ўпрыгожвання. Каб пірагі атрымліваліся лёгкімі, мука прасейвалася, а размякчанае сметанковае масла дабаўлялася ў самым канцы, на апошнім замесе.
Пры захаванні ўсіх гэтых традыцый выпечка будзе ўдалай і парадуе вас і вашых блізкіх.
І вось надыходзіць доўгачаканая раніца Вялікадня. Сонечныя прамяні гуляюць на залацістай скарыначцы, а вакол пануе атмасфера дабра і яднання. Разразаючы мяккі, прасякнуты водарам ванілі і разынак куліч, мы дзелімся радасцю з блізкімі, перадаючы часцінку свайго цяпла і веры ў цуд.
Вялікдзень — гэта час, калі нават самы звычайны кавалачак хлеба нагадвае аб тым, што жыццё працягваецца, а дабро і любоў — назаўжды.
Хай жа ў кожным доме ў гэты светлы дзень будзе лунаць водар свежай выпечкі, а за сталом збяруцца родныя сэрцу людзі. Велікодны куліч — не проста салодкі пачастунак, гэта смак свята і бясконцага шчасця, якое мы нясём адзін аднаму з верай, надзеяй і словамі: «Хрыстос уваскрос!»
Са святам усіх, дарагія землякі! Міру і дабра!
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік