Четверг, 19 июня 2025

Велікоднае віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

178

Дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце, людзі добрай волі!

З нагоды ўрачыстасці Уваскрэсення Хрыста складаю сардэчныя віншаванні. Калі ў велікодную раніцу жанчыны стаялі каля пустой грабніцы Божага Сына, яны пачулі словы, якія ўзмацнілі іх веру: «Не бойцеся!». А таксама пачулі заклік і заданне: «Ідзіце хутчэй і абвясціце вучням» (Мц 28, 5–7).

Няхай перажыванне таямніцы Змёртвыхпаўстання Хрыста напоўніць наша жыццё энтузіязмам і радасцю ў рэалізацыі пастаўленых мэт і штодзённых заданняў, насычаных падтрымліваючай прысутнасцю Збавіцеля, які для нас прайшоў праз смерць і аб’явіў трыумф жыцця.

Радуючыся Уваскрэсенню Божага Сына, жадаем быць сведкамі Яго перамогі над смерцю, грахом і ўсялякімі моцамі зла. Няхай святкаванне Яго паўстання з мёртвых напоўніць нашыя сэрцы радаснай надзеяй, якая выплывае з факта пустой грабніцы. Няхай у гэтым часе, у якім Божы Провід дазволіў нам жыць, асабліва ў цяжкія мінуты, у нашых сэрцах гучаць словы суцяшэння святога апостала Паўла: «Калі толькі мы церпім разам з Хрыстом, каб разам з Ім і ўславіцца» (Рым 8, 17).

Няхай Езус, які прыходзіць да нас са збавенным дарам новага жыцця, дадае сіл і надзеі перад абліччам разнастайных выклікаў. Напоўненыя велікодным энтузіязмам веры, абвяшчаем сваім жыццём хвалу і любоў Бога, які не перастае адорваць нас сваёй міласэрнасцю. Няхай поўнае радасцю і надзеяй «Алілуя!» няспынна спадарожнічае нам і напаўняе сапраўдным спакоем.

Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс! Алілуя! Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі

Пінск, Вялікдзень, 2024 г.