Среда, 21 февраля 2024

Велікасельскі сельвыканкам: клопат пра добраўпарадкаванне і кантроль за цэнамі

321

Аднымі з ключавых задач, якія стаяць перад сельвыканкамамі, з’яўляюцца добраўпарадкаванне населеных пунктаў і падтрыманне належнага санітарнага стану на сваіх тэрыторыях, арганізацыя работы па выдаленні камунальных адходаў. Велікасельскі сельскі Савет удзяляе гэтаму вялікую ўвагу і паказвае станоўчую дынаміку ў выкананні работы ў дадзеным накірунку. Што ўжо зроблена і чым яшчэ жыве сельсавет? Пра гэта мы пагутарылі са старшынёй сельвыканкама Таццянай Навіцкай.

— Парадак і чысціня кожнага населенага пункта — гэта твар сельскага Савета, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — Добра-ўпарадкаванню ў нас адводзіцца асаблівая роля. У гэтай рабоце дапамогу аказвае ААТ «Велікасельскае Агра»: гаспадарка заўсёды гатова дапамагчы тэхнікай, выручае пры ўборцы смецця, спілоўцы дрэў. Не застаецца ўбаку і насельніцтва. Людзі ў большасці сваёй стараюцца падтрымліваць парадак на сваіх участках і каля пустуючых дамоў, якія ім таксама належаць. Праўда, актуальным, як і ва ўсіх сельсаветах, застаецца праблема з уласнікамі, якія па той ці іншай прычыне не надаюць належнай увагі сваёй нерухомай маёмасці. Работу тармозіць тое, што некаторых асоб, маючых права ўступіць у спадчыну, цяжка адшукаць.

На гэты год запланавана знесці 13 дамоў. На сённяшні дзень знесена шэсць, участкі расчышчаны. Цяпер задача — уцягнуць у сельскагаспадарчы абарот гэтыя землі. Карысць з праведзенай работы будзе двайная: прыгожы выгляд, з аднаго боку, і дадатковыя зямельныя плошчы для ААТ «Велікасельскае Агра» — з другога.

Яшчэ адным накірункам у рабоце старшыні сельвыканкама з нядаўняга часу стаў маніторынг цэн у магазінах. І гэта справа на дадзены момант актуальная і важная. Яшчэ 6 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся ўвесці забарону на павышэнне цэн у краіне. Па кожнай групе тавараў, для кожнага вытворцы і гандлёвай сеткі створаны рэестры з фіксаваным коштам тавараў і паслуг.

— Лічу гэтую работу патрэбнай, бо тут ужо размова ідзе не толькі пра «абкраданне» насельніцтва, але і непавагу да тых людзей, якія вырошчвалі той жа хлеб, грэчку, цукровыя буракі, хто гэта перапрацоўваў, займаўся вырабам прадукцыі. Парадак павінен быць ва ўсім, у тым ліку і ў цэнах, — зазначае старшыня сельвыканкама.

Разам з Таццянай Навіцкай і намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Велікасельскае Агра» Мікалаем Леўчуком карэспандэнты пабывалі ў магазіне райспажыўтаварыства, размешчаным у аграгарадку. Падчас маніторынгу параўналі існуючыя цэны з рэестрам. Парушэнняў выяўлена не было.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік