Сам не паеш, а жывёлу накармі! У добрага гаспадара гэтая ісціна прапісная і абмеркаванню не падлягае. Бо ён ведае, што гэта аснова яго стараннай і штодзённай карпатлівай працы. Але ж, каб было чым карміць, трэба, зразумела, нарыхтаваць корм, звезці на падворак і тут усё ўладкаваць па сваіх месцах. Тую ж работу з года ў год праводзяць і гаспадаркі нашага, і не толькі, раёна. А паколькі Пружаншчына арыентавана на продаж малака, то і пільная ўвага надаецца нарыхтоўцы кармоў для буйной рагатай жывёлы. Цяпер самы разгар ва ўборцы кукурузы на сілас, пажыўны корм для кароў.

У ААТ «Велікасельскае Агра» сёлета патрэбна нарыхтаваць 36000 тон сіласу. Гэтага запасу з лішкам хопіць да наступнага сезона нарыхтоўкі. Аграном па кормавытворчасці Аляксандр Давідзюк жартуе, што ў выніку назапасяць столькі, што людзям можна будзе прадаваць.
Але ж гэта толькі параўнанне. Як кажуць, запас бяды не чыніць. Ужо паспелі нарыхтаваць 21726 тон кукурузнага сіласу з прымяненнем кансервантаў, гэта 60,4% да плана. За дзень тут паспяваюць назапасіць амаль паўтары тысячы тон.
На палетку ў 143 га каля аг. Вялікае Сяло, ва ўрочышчы Льнаворах на ўборцы кукурузы было задзейнічана ажно 12 «МАЗаў» і два кормаўборачныя камбайны «Ягуар». Спытаўся: а ці не прастойваюць самазвалы? Аказваецца, не. На загрузку аднаго «МАЗа» ў сярэднім затрачваецца ўсяго 2,5 мінуты. Вось гэта тэмп! Таму пра прастоі аўтамабіляў тут гаворка не вядзецца.

Вадзіцель Уладзіслаў Кніга дадае, што пры невялікай адлегласці да сіласных траншэй за дзень удаецца зрабіць да 30 рэйсаў!
Адметнасцю ўборкі кукурузы ў ААТ «Велікасельскае Агра» можна назваць і сам гэты працэс. Справа ў тым, што тут убіраюць культуру, пакідаючы пожню вышынёй прыблізна ў 50 см. Такі падыход да ўборкі хоць і зніжае ўраджайнасць, але затое значна павышае якасць нарыхтаваных кармоў: убіраецца самая пажыўная частка кукурузы. Бачна, што ўпор робіцца не на паказчыкі, хоць у гэтым годзе ўраджайнасць з-за засухі і так ніжэйшая, чым у мінулым (на сёння — 302,8 ц/га). Вільготнасць кукурузы складае 70%, утрыманне сухога рэчыва — на ўзроўні ад 24 да 26% — ідэальнае для сіласавання.
На тэрыторыі малочнатаварнага комплексу «Ліхасельцы» размяшчаецца 11 траншэй, чатыры з якіх адведзены пад сілас. Кожная змяшчае па 2500 тон кармоў.

Каб пазбегнуць страт, звязаных з пагаршэннем якасці аб’ёмных кармоў, у сельгаставарыстве для кіравання працэсам ферментацыі выкарыстоўваюць кансерванты. Сёлета вырашылі паспрабаваць «Бон Сілаж», у якім кісламалочныя бактэрыі дапамагаюць забяспечваць надзейны брадзільны працэс у кукурузным сіласе і зернесенажы. Кансервант выкарыстоўваецца ў суадносінах 1 грам на тону.
Як толькі «МАЗ» выгружае зялёную масу ў траншэю, да работы прыступаюць «Амкадоры-35», якія раўнамерна размяркоўваюць кукурузу па траншэі. Пасля чаго да трамбоўкі прыступае «МТЗ-3022» з прычапным кампактарам. А каб сілас доўга і добра захоўваўся, спачатку ўкрываюць сценкі траншэі спецыяльнай плёнкай, потым наверх кладзецца вакуумная, а затым — чорна-белая, якая прыціскаецца баластам.
Цяпер можна быць упэўненым у тым, што галоднае заўтра не наступіць і рагатыя карміцелькі ААТ «Велікасельскае Агра» будуць сытымі і давольнымі.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі