У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў кожнае мерапрыемства, звязанае з гэтай падзеяй — знакавае. Такім знакавым стаў і рэспубліканскі велапрабег, які стартаваў ад сцен Брэсцкай крэпасці-героя.
Дадам, што ўдзельнікі прабегу, а гэта вернікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, юныя спартсмены і проста неабыякавыя, патрыятычныя людзі, прымеркавалі велапрабег не толькі да юбілею аперацыі «Баграціён», але і да 40-годдзя ўстанаўлення святкавання Сабора Беларускіх святых. Ікону з выявай святых зямлі Беларускай удзельнікі прабегу вязуць з сабой.
Каб сустрэць суполку патрыётаў, якія імчаць на двухколавым транспарце па гістарычных мясцінах Беларусі, і далучыцца да іх, даволі вялікая група прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Пружанскага раёна выехала да вёскі Шакуны. Пакуль чакалі веласіпедыстаў, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які таксама быў удзельнікам велапрабегу ад Пружаншчыны, так пракаменціраваў гэтае мерапрыемства:
— Сёння па тэрыторыі Пружанскага раёна праходзіць рэспубліканскі велапрабег, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Жыхары нашага раёна з вялікім задавальненнем адгукнуліся на прапанову далучыцца да велапрабегу. Свята вызвалення Пружанскага раёна і г. Пружаны, якое мы адзначаем 17 ліпеня, ужо набліжаецца. Кожны куточак нашага раёна памятае тыя падзеі і прасякнуты болем Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта мы не забываем, кожны год святкуем наш дзень вызвалення. Будзем і далей несці гэтую памяць і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Мы ніколі не дапусцім паўтарэння той бяды, якую перажылі нашы продкі.
Пружанцы далучыліся да калоны веласіпедыстаў і ў суправаджэнні спецтранспарту рушылі ў раённы цэнтр. Тут каля помніка «Спаленым вёскам» адбыўся мітынг, на якім да ўдзельнікаў велапрабегу з прывітальнымі словамі звярнуліся Руслан Супрыновіч і благачынны цэркваў Пружанскага раёна протаіерэй Міхаіл Носка.
Затым адбылася ліція па загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праваслаўныя вернікі мелі магчымасць пакланіцца іконе Сабора Беларускіх святых, а таксама ўсклалі кветкі да падножжа помніка.
Як расказаў кіраўнік велапрабегу іерэй Міхаіл Мандрык, які кіруе аддзелам па фізічнай культуры і спорце Брэсцкай епархіі, вернікі з вялікай гордасцю ўдзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве, прысвечаным такім значным юбілейным датам, як 80-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 40-годдзе Сабора Беларускіх святых. Стартаваўшы ад гераічных сцен Брэсцкай крэпасці, праехаўшы некалькі раёнаў нашага рэгіёна, першы прыпынак з начлегам вырашылі зрабіць на Пружаншчыне, зямля якой прасякнута крывёю герояў Вялікай Айчыннай вайны. На наступны дзень шлях будзе пралягаць праз Ружаны да Жыровіцкага манастыра.
Фінішуюць удзельнікі велапрабегу ў горадзе-героі Мінску ў храме-помніку ў імя Усіх святых.
Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303320256 і https://ok.ru/budni/album/980888972936