Суббота, 11 июля 2026

Велагонка «Тур Беларусі» прайшла праз Пружанскі раён, а наш зямляк Дзяніс Марчук стаў самым стабільным гоншчыкам

346

Праз Пружанскі раён прайшоў пяты этап адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па веласіпедным спорце сярод мужчын у шматдзённай гонцы на шашы «Тур Беларусі».

Удзел у адкрытым чэмпіянаце прынялі 45 спартсменаў з 12-ці каманд. Сярод веласіпедыстаў былі прадстаўнікі пяці краін свету: Беларусі, Расіі, ААЭ, Францыі і Марока. Самі спаборніцтвы пачаліся яшчэ ў мінулую пятніцу ў Брэсце з кальцавой гонкі на 34 кіламетры, а ўжо 19 жніўня заезд стартаваў на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Маршрут самой трасы ляжаў і праз населеныя пункты Пружанскага раёна: в. Белы Лясок, аг. Роўбіцк, аг. Клепачы, аг. Лыскава, в. Асошнікі і г.п. Ружаны. Фініш гонкі знаходзіўся ў г. Слоніме, а агульная працягласць шляху складала ажно 145 кіламетраў.

Арганізатары спаборніцтваў адзначылі галоўныя прычыны, па якіх гонка праходзіла праз наш раён, сярод іх: прыгожыя мясціны, добры стан дарог і зручны рэльеф мясцовасці для правядзення аднаго з этапаў чэмпіянату. Важна адзначыць, што па гэтых, добра знаёмых для сябе прасторах, ехаў і выхаванец веласпартыўнага аддзялення ДЮСШ № 1 г. Пружаны Дзяніс Марчук, пра якога мы ўжо пісалі раней.

Перад стартам гэтага этапу ў генеральнай індывідуальнай класіфікацыі на першым месцы ішоў прадстаўнік каманды Гродзенскай вобласці Яўген Каралёк. Наш зямляк Дзяніс Марчук размяшчаўся на ганаровай пятай пазіцыі, а ў класіфікацыі актыўных гоншчыкаў і ўвогуле ўваходзіў у першую тройку, набраўшы пры гэтым дзесяць ачкоў.

Падчас заезду пятага этапу на прамежкавы фініш у аг. Клепачы першым прыехаў Сяргей Шаўчэнка, які прадстаўляў каманду «Мінск», а ў аг. Лыскава — Яўген Каралёк. Пераможцам жа гонкі стаў прадстаўнік каманды «Лакасфінкс» Данііл Заракоўскі. Каманда Брэсцкай вобласці, у склад якой уваходзіў і Дзяніс Марчук, заняла трэцяе месца ў каманднай класіфікацыі, а наш зямляк стаў уладальнікам фіялетавай майкі, якая ўручаецца самаму стабільнаму гоншчыку.

Руслан Басак.

Фота аўтара