Суббота, 18 января 2025

Векавы юбілей адзначыла і новы пашпарт атрымала жыхарка Пружан Вера Грэбень!

521

Новы пашпарт 100-гадовай жыхарцы нашага горада Веры Конанаўне Грэбень на днях асабіста ў рукі выдаў начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС капітан міліцыі Дзмітрый Касюк.

Дзмітрый Мікалаевіч завітаў да старажылкі дадому і павіншаваў яе з юбілеем, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і разам з дакументам грамадзяніна Беларусі ўручыў букет руж.

Бабуля была прыемна здзіўлена візітам супрацоўніка пашпартнага стала і сардэчна падзякавала за аказаную ёй увагу.

Вера Конанаўна адзначыла векавы юбілей 13 лютага. Для свайго паважанага ўзросту жанчына добра выглядае. Як кажуць дачка Лідзія і сын Аляксандр, якія даглядаюць маму, здароўе ў яе даволі някепскае.

Дзеці дапамагаюць сталаму чалавеку адольваць магчымыя цяжкасці, разам жартуюць. Таксама бабулю наведваюць унукі і праўнукі. Словам, сям’я трымаецца разам і жыве дружна. У такіх спрыяльных умовах яшчэ жыць і жыць!

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік