Суббота, 5 октября 2024

«Вечныя» лужыны ў Ружанах, дарога да помніка ў Байках і… «лёгкае адценне шляхетнасці». Пра што гаварылі на першай рэдакцыйнай выязной «лятучцы»?

363

Падчас выязной рэдакцыйнай «лятучкі», што прайшла ў Ружанскім сельвыканкаме, актывістамі быў узняты шэраг пытанняў, якія тычацца добраўпарадкавання.

І не толькі самога гарадскога пасёлка, хаця ўсе пералічаныя тут хібы старшыні сельвыканкама Аксане Юркоўскай добра вядомы. Напрыклад, лужына на вуліцы Сонечнай, якую не абысці ні злева, ні справа.

— Па гэтай вуліцы многія ідуць на працу. Але тут жа знаходзіцца і будынак мясцовага «Камунальніка», — кажа Аксана Уладзіміраўна. — Мы пісалі пісьмо на Пружанскае КУВП, каб выканалі работы па адводзе вады. Адказ атрымалі, але ён нас не задаволіў. Уздымала адна з нашых актывістак і пытанне па пешаходным пераходзе па вул. Леніна каля паліклінікі. Вада тут накопліваецца з абодвух бакоў перахода. Адказ атрымала з Брэста: маўляў, калі падняць тратуарны бардзюр вышэй за пераход, то мамам з каляскамі нязручна будзе заязджаць. Але няўжо немагчыма зрабіць дрэнаж? Так што і гэтае пытанне застаецца адкрытым, таксама як і па вуліцы Інтэрнацыянальнай, уздоўж якой нельга ні тратуар зрабіць, ні пракласці ліўнёўку.

Тэму адкрытых пытанняў па добраўпарадкаванні падтрымаў і дэпутат па Чкалаўскай выбарчай акрузе Мікалай Пятрашка:

— Лужына нават пасля невялікага дажджу стаіць і ў раёне аптэкі і магазіна «Капеечка». Мы звярталіся ў «Камунальнік», каб зрабілі дрэнаж. Пакуль чакаем, — кажа Мікалай Мікалаевіч.

Абмеркавалі і якасць уборкі сквераў, і праблемы старых вясковых могілак, дзе пасля спілавання дрэваў пачала разрастацца акацыя. Апрацоўка гербіцыдамі пакуль належнага выніку не дала.

— Пытанні па могілках (а іх у сельсавеце 14) уздымаюцца неаднаразова. Але догляд іх рэгламентуецца адпаведнымі дакументамі, і работнікі «Камунальніка» ўсіх патрабаванняў прытрымліваюцца. Адзінае, што мы можам дадаткова, гэта арганізаваць суботнік. Напрыклад, як зрабілі ў вёсках Воля і Карасі. 23 чалавекі выйшлі — і навялі парадак. А ў Ружанах прыходзіць 10 жыхароў з 3000, — тлумачыць Аксана Юркоўская.

Стараста вёскі Байкі Святлана Кульба таксама казала пра добраўпарадкаванне, але ўжо з іншага ракурсу:

— У нашай вёсцы ляжыць стары, «армянскі» асфальт, латка на латцы. Дарогу падсыпаюць, раўняюць, але толку, уласна кажучы, ад гэтага мала. Такі ж асфальт і ў Манчыках, і ў Малочках, але мне хочацца ўзняць пытанне менавіта па Байках. Менш чым праз год, у студзені 2024-га, мы адзначым сумную дату, 80-годдзе з часу знішчэння вёскі фашысцкімі карнікамі. Да помніка на месцы пахавання пастаянна едуць падчас вела- і аўтапрабегаў, тут праводзяцца мітынгі-рэквіемы. Часам нават сорамна, калі аўтакалона праязджае, і ўсе зубамі ляскаюць. Вельмі хочацца, каб нас пачулі. Не абавязкова, зразумела, новы асфальт класці, няхай гэта будзе грунтовая дарога, але нармальная, — лічыць Святлана Іванаўна.

Старшыня сельвыканкама акцэнтавала ўвагу, што з гэтым пытаннем ужо звярнуліся ў ДРБУ-140. Але старшыня пасялковага савета ветэранаў Аляксандр Раўнейка дадаў сваё меркаванне:

— Варта заўважыць, што няма ніякага ўказальніка з шашы, які б паказваў на мемарыял у Байках: напрамак, адлегласць. А гэта ж рэспубліканская траса, ездзяць па ёй не толькі мясцовыя людзі. І той мемарыяльны помнічак ля дарогі часам прымаюць за месца знішчэння байкоўцаў. Напэўна, і гэтую недарэчнасць настаў час выправіць.

Не варта лічыць, што калі ў Ружанах так актыўна абмяркоўваюць пытанні добраўпарадкавання, то з ім справы абстаяць няважна. Наадварот! Як нагадвае Аксана Юркоўская, у 2018, 2019 і 2020-м гадах сельвыканкам за работу па навядзенні парадку атрымліваў прэміі рэспубліканскага ўзроўню. Паступалі нядрэнныя грошы, за якія зроблена нямала, напрыклад, устаноўлены 24 кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. Чыста, але ж хочацца, каб было ідэальна. Каб Ружаны апраўдвалі сваю неафіцыйную назву культурнай сталіцы нашага раёна, былі ўтульнымі і зручнымі для сваіх жыхароў і прывабнымі для шматлікіх турыстаў. Дарэчы, сельвыканкам сёлета зноў падаў заяўку на ўдзел у конкурсе.

— Мы жывём у цудоўным месцы і жывём тут і зараз. Памянялася многае, змяніліся пакаленні, і нельга вярнуць мінулае. Але застаецца ў нас памяць пра яго, «лёгкае адценне шляхетнасці». Мы можам узяць з былых часоў лепшае, перш за ўсё, адносіны да працы. Калі кожны з нас будзе добрасумленна працаваць на сваім месцы, то ў нас знікне палова пытанняў, якія тут уздымаем, — лічыць Аксана Уладзіміраўна.

Ірына Сядова


Падчас «лятучкі» адна з жыхарак Ружанскага сельсавета пацікавілася: ці магчыма ў будучым, што РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі» будзе прадаваць сваю прадукцыю ў Ружанах, а іменна, бульбу насенную?

Даць адказ мы папрасілі дырэктара доследнай станцыі Уладзіміра Цімошчанку:

— Любое пытанне можна вырашыць станоўча, каб толькі было жаданне. Калі людзі жадаюць набыць нашу насенную бульбу, значыць, патрэбна пайсці ім насустрач. Дарэчы, купіць яе можна і непасрэдна на прадпрыемстве. Што да выязнога гандлю ў Ружанах, то, шаноўныя пакупнікі, мы пастараемся выбраць адну з пятніц, у ваш базарны дзень, і прывезці насенку. Вашай увазе можам прадставіць такія гатункі бульбы, як «скарб», «брыз» і «ўладар». Кошт будзе вар’іравацца ад 90 капеек да 1,5 рубля за кілаграм, у залежнасці ад рэпрадукцыі насеннага матэрыялу. Заадно вывучым попыт, каб у наступным падладжвацца пад густы пакупнікоў.

Падрыхтаваў Вадзім Раўнейка

Фотаальбом з лятучкі: https://ok.ru/budni/album/955555160200