
Гарадскі пасёлак Шарашэва актыўна падключыўся да рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы». На мінулым тыдні ў пасялковым Доме культуры прайшло цудоўнае свята «Яркае святло каляднай зоркі», арганізаванае для людзей пажылога ўзросту.
На вуліцы падаў лёгкі сняжок, а тут, у актавай зале Дома культуры, было цёпла і ўтульна ад прыветных усмешак і сардэчных слоў.
Са сцэны прысутных шчыра віталі протаерэй Шарашэўскага Свята-Мікалаеўскага храма айцец Мікалай, старшыня мясцовага савета ветэранаў Надзея Антановіч, старшыня пярвічнай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Раіса Бульчук. Выконваючы абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Генадзь Фасевіч, сардэчна павіншаваўшы ўсіх з Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам, адзначыў, што ў зале сёння прысутнічае і юбіляр. Пад гарачыя апладысменты Ганне Васільеўне Лазаравай быў уручаны падарунак. Для ўсіх прысутных гучалі песні ў выкананні лепшых мясцовых спевакоў.
Тут сабраліся людзі, чые гады азначаюць не толькі ўзрост, але і бясконцую мудрасць, каштоўны жыццёвы вопыт, якія могуць многае расказаць і шмат чаму навучыць. Гэтыя словы аднаго з выступоўцаў сталі лейтматывам усяго свята.
А пацвярджэннем гэтай жыццёвай актыўнасці стала выстава разнастайных вырабаў, якая працавала ў вестыбюлі Дома культуры. Яе арганізавалі шарашэўскія ўмельцы Лідзія Хеншаль, Алена Сайко, Таццяна Копылава і Людміла Абрубка.
Тут жа можна было прадэгуставаць тушонку, селядцы і хлебабулачныя вырабы, якія бясплатна прадставілі на свята камбінат кааператыўнай прамысловасці і філіял «Колас».
У Шарашэве ўмеюць арганізоўваць такія святы. У гэтым бясспрэчная заслуга мясцовага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». Старшыня яго Раіса Аляксандраўна Бульчук увішна калядавала на сцэне: кожны выступоўца (і артысты ў тым ліку) атрымаў у падарунак ад яе свежы, духмяны пірог!
Безумоўна, высокі тонус задавалі святу спевакі пад кіраўніцтвам актывісткі аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Людмілы Абрубка, якая практычна кожнае выступленне суправаджала цёплымі пажаданнямі пажылым людзям у зале.
Прыемным сюрпрызам для шарашэўцаў стаў прыезд на свята валанцёраў з групы «Ветэраны» Пружанскага аддзялення Чырвонага Крыжа са сваім кіраўніком Аленай Дзмітрыевай і актывістаў дзённага аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту на чале з Аленай Смірновай. Яны цёпла павіншавалі прысутных. А Аляксандр Русакевіч і Любоў Шэрыкава праспявалі для іх свае любімыя песні, Марыя Панкратава рассмяшыла ўсіх гумарэскамі, а аўтар гэтых радкоў з задавальненнем прачытала свой толькі што напісаны верш да юбілею нашага раёна.
У якасці ганаровых гасцей на свяце прысутнічалі і суседзі з в. Галасяціна Аляксандра Уладзіміраўна і Аляксандр Міхайлавіч Дэшкі.
Усе жадалі адзін аднаму доўгіх і шчаслівых, напоўненых здароўем, спакоем і шчасцем гадоў. Каб, нягледзячы на ўзрост, душа заўсёды заставалася маладой. А таксама міру. А што нам яшчэ трэба?
Ганна Хадаровіч
