Мінула 100 гадоў з нараджэння чалавека, а людзі працягваюць беражліва захоўваць памяць пра яго, узгадаваць біяграфію, вучыцца патрыятызму на яго прыкладзе, усталёўваць памятныя знакі. Як жа годна трэба было выкарыстаць той непрацяглы адрэзак часу, які мы называем жыццём!
Гэта ўдалося Ганароваму грамадзяніну Пружанскага раёна Раману Цімафеевічу Кротаву, у гонар якога 13 студзеня ў Палацы культуры прайшоў вечар памяці.
У першы дзень новага 1923 года ў звычайнай сялянскай сям’і на Магілёўшчыне нарадзіўся хлопчык, якога чакаў складаны, але пры тым насычаны і яскравы жыццёвы шлях. Яго біяграфія аказалася багатай на франтавыя подзвігі і працоўныя дасягненні. Юнацтва Рамана Кротава прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны. Але лёс свой ён вызначыў сам: пайшоў у партызанскі атрад, а з восені 1943 года ваяваў у дзеючай арміі, удзельнічаў у вызваленні Украіны, Польшчы, Венгрыі. Гераізм франтавога разведчыка быў ацэнены ордэнамі Славы трох ступеняў.
Пасля вайны Раман Цімафеевіч Кротаў плённа працаваў на фінансавай «ніве», доўгі час кіраваў Пружанскім райфінаддзелам, неаднаразова атрымліваў высокія ўзнагароды.
Вечар памяці, арганізаваны раённым саветам ветэранаў пры актыўным удзеле творчага ветэранскага клуба «Нам гады — не бяда», аказаўся не проста кранальным, але, мне здаецца, стаў важнай нагодай для пытання, адрасаванага самому сабе: «Ці ў правільным напрамку я рухаюся? Ці дастаткова раблю на карысць сваёй Бацькаўшчыны?»
Выбітных асоб нараджала наша зямля! Але працавітыя, моцныя і шчырыя людзі з’яўляліся на гэты свет не ад казачных волатаў і асілкаў. У простых сем’ях нараджаліся сапраўдныя героі, якія ахвяравалі многім, калі не сказаць усім, дзеля дабрабыту сваёй Айчыны, дзеля нас — нашчадкаў. Мы павінны гэта памятаць і працягваць справу продкаў.
На здымках: падчас вечара памяці.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з мерапрыемства: https://ok.ru/budni/album/953974937224
Падрабязна прачытаць пра Рамана Кротава можна тут.