Вторник, 18 февраля 2025

«Ваверчаняты-экальчаты» навялі парадак на воінскім пахаванні ў Красным і даведаліся пра гераічнае мінулае Беларусі

306

У мінулую пятніцу работнікі Пружанскага лясгаса сумесна з навучэнцамі дашкольнага лясніцтва «Ваверчаняты-экальчаты», якое функцыянуе на базе дзіцячага сада № 3 г. Пружаны, і старшынёй Мокраўскага сельвыканкама Вольгай Грышкевіч прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў у вёсцы Краснае.

Гэта ўжо не першая сумесная работа лесаводаў Пружаншчыны і падрастаючых эколагаў. Кожнае новае мерапрыемства прыносіць дзецям новыя веды, навыкі і адрозніваецца ад папярэдніх.

На гэты раз напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзеці «дакрануліся» да гераічнага мінулага нашай краіны. Спачатку была прыбрана тэрыторыя вакол брацкай магілы. Дзеці прымалі ў гэтым непасрэдны ўдзел: узброіўшыся граблямі, яны дапамаглі дарослым прыбраць смецце і апалыя шышкі.

Старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч больш падрабязна расказала і малым, і ўсім прысутным пра гісторыю гэтага месца.

— Тут пахаваны 224 чалавекі. Гэта мірныя жыхары Клепачоў, Краснага, Котры, Ліхасельцаў, Ліхачоў. За сувязь з партызанамі 17 ліпеня 1942 года ўсе яны былі расстраляны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1967 годзе на гэтым месцы быў пастаўлены абеліск, — адзначыла Вольга Віктараўна.

Напрыканцы мерапрыемства маленькія лесаводы ўсклалі да брацкай магілы кветкі, тым самым ушанаваўшы памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Руслан Басак.

Фота аўтара