Воскресенье, 20 апреля 2025

Васьмікласніца пружанскай гімназіі Паліна Дзеева пра ўдзел у Галоўнай ёлцы краіны: «Гэта была сапраўдная навагодняя казка!»

389

Галоўная ёлка краіны з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — штогадовая, традыцыйная і прыгожая падзея. І, безумоўна, запамінальная для кожнага з яе ўдзельнікаў. У мінулых нумарах сваімі ўражаннямі ад паездкі з намі падзяліўся Мікіта Селівонец з СШ № 5. Сёння ж даём слова дзяўчынцы.

Паліна Дзеева, вучаніца 8 «А» класа гімназіі г. Пружаны:

— На гэты раз зімовыя канікулы чакала з нецярпеннем. Усё таму, што атрымала запрашэнне на Галоўную ёлку краіны — можна сказаць, навагодні падарунак ад Прэзідэнта за ўдзел і перамогу ў розных конкурсах, і за дыпломы алімпіяд раённага ўзроўню.

Праграма паездкі ў Мінск была двухдзённай. На навагоднім прадстаўленні ў Белдзяржцырку захапілі светлавое шоу і аркестр з жывой музыкай, запомніліся нумары з акрабатамі, жанглёрамі і танцорамі, уразіў небяспечны нумар з дрэсіраванымі тыграмі, замілаванне выклікала шоу з выступленнем маленькіх сабачак. Гэта была сапраўдная навагодняя казка!

Прадоўжылася яна і на наступны дзень у Палацы Рэспублікі. Да пачатку мерапрыемства мы маглі прагуляцца па Палацы. Самы запамінальны момант ад Галоўнай ёлкі краіны, канечне, тое, што ўпершыню пабачыла Прэзідэнта ўвачавідкі, ды яшчэ настолькі блізка. Прадстаўленне падарыла мора эмоцый і ўражанняў. Ад Аляксандра Лукашэнкі я атрымала прыемныя падарункі: рукзак з салодкасцямі, будзільнікам і гульнёй па Беларусі.

Дадому вярталася з незабыўнымі ўражаннямі і добрым настроем. Дзякую кіраўніцтву Пружанскага раёна за магчымасць наведаць Галоўную ёлку краіны. Хачу сказаць вялікі дзякуй і маім настаўнікам, якія дапамагаюць у дасягненні добрых вынікаў у вучобе і творчай дзейнасці, і бацькам — за падтрымку і веру.

Меркаваннем цікавіўся Уладзіслаў Шпарла

Фота з асабістага архіву Паліны Дзеевай