Понедельник, 16 сентября 2024

Вартавыя мяжы прымалі віншаванні з прафесійным святам ад намесніка старшыні райвыканкама і карэспандэнтаў «раёнкі»

499

Гістарычна даказана, што ад спакою на дзяржаўнай граніцы напрамую залежыць дабрабыт краіны, мірная праца яе жыхароў, перспектывы далейшага развіцця.

На пагранічнай заставе №1.

Нягледзячы на тое, што абстаноўка амаль на ўсіх рубяжах Беларусі, акрамя ўсходняга, цяпер вельмі трывожная, на самой граніцы пагранічнікі нясуць службу ў звычайным рэжыме. Штодня на ахову суверэннай тэрыторыі накіроўваюцца нарады, армейцы праходзяць трэніроўкі і навучанне, займаюцца бытам і пішуць лісты бацькам. А яшчэ — прымаюць віншаванні з нагоды свайго свята — Дня пагранічніка, якое адбылося ў мінулую суботу. З гэтай урачыстай нагоды намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч наведаў дзве пагранічныя заставы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Пружанскага раёна.

Руслан Васільевіч накіраваўся ў госці да ахоўнікаў граніцы не з пустымі рукамі. Да Дня пагранічніка было прынята рашэнне адзначыць шэраг салдат і афіцэраў граматамі і падзячнымі лістамі за бездакорную службу і падзякаваць пагранічнікам за спакой, што пануе на нашых землях. Таксама госць прывёз падарункі ад ААТ «Роўбіцкае» і «Пружанскі райаграсэрвіс».

Пагранзастава №1.

Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама, мясцовыя органы ўлады трымаюць шчыльную сувязь з заставамі, ладзяцца сумесныя грамадскія мерапрыемствы, вырашаюцца сацыяльна-бытавыя пытанні. І выказаў спадзяванне, што такі кантакт будзе не толькі захаваны ў будучым, але і пашырыцца новымі напрацоўкамі.

Алег Сідарэнка, фота аўтара