Суббота, 14 декабря 2024

Вапнаванне — абавязковы аграпрыём!

948

Значная частка ўсіх ворных зямель у рэспубліцы маюць глебы з павышанай кіслотнасцю. Не з’яўляецца выключэннем і наш раён. Па дадзеных апошняга тура даследаванняў, які праводзіўся ў 2013 годзе, у гаспадарках выяўлена каля 36 тысяч гектараў падкісленых глебаў.

20161007_8432_izmen.razmer

А між іншым, гэтыя глебы, як правіла, мала ўрадлівыя: ва ўмовах кіслай рэакцыі прыгнятаецца дзейнасць карысных для раслін мікраарганізмаў, парушаюцца працэсы пераўтварэння азоту, фосфару і важнейшага мікраэлемента — малібдэну.

Даследаванні паказваюць, што пры павышанай кіслотнасці глебы пшаніца, ячмень, цукровыя буракі, кукуруза, люцэрна, канюшына даюць нізкія ўраджаі. Унесеныя пад іх угнаенні дзейнічаюць слаба, а часам зусім не даюць станоўчага выніку. Толькі пустазелле, якое прыстасавалася да высокай кіслотнасці глебы, адчувае сябе няблага, заглушаючы пры гэтым пасевы.

Таму такую важную ролю ў павышэнні ўрадлівасці глебы і атрымання высокіх ураджаяў сельгаскультур набывае вапнаванне. Яно настолькі глыбока мяняе  якасць глебы, што гэта мерапрыемства часта прыроўніваюць да меліярацыі.

Самыя значныя плошчы кіслых глебаў знаходзяцца на тэрыторыі ААТ «Ружаны-Агра» — 6,8 тысячы гектараў, ААТ «Жураўлінае» і  «Айчына» — звыш 5 тысяч гектараў, ААТ «Агра-Калядзічы» і «Вялікасельскае Агра» — 2,5 тысячы гектараў.

Па словах вядучага аграхіміка абласной праектна-вышукальнай станцыі хімізацыі па Пружанскім раёне Ю.М.Ташпулатава, у апошнія гады ў раёне назіраецца тэндэнцыя павелічэння плошчы кіслых глебаў. Садзейнічае гэтаму працэсу ўнясенне калійных і азотных угнаенняў, якія падкісляюць глебу.

У мінулым годзе ў гаспадарках раёна вапнаванне кіслых глебаў было праведзена на плошчы 4,8 тысячы гектараў. Сёлета  па стану на 5 кастрычніка гэтыя работы выкананы на плошчы 1,9 тысячы гектараў.

Вапнаванне глебаў у гаспадарках раёна выконваецца сіламі ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» за кошт бюджэтных сродкаў. У бягучым годзе на гэтыя мэты выдаткавана 2,5 мільярда недэнамінаваных рублёў, што значна менш, чым летась. А гэта значыць, што дасягнуць мінулагодніх паказчыкаў па вапнаванні кіслых глебаў ужо нерэальна.

20161007_8410_izmen.razmer

Тым не менш, работы працягваюцца і ў гэтыя кастрычніцкія дні. Мы наведалі адзін з палеткаў ААТ «Вялікасельскае Агра». Вадзіцель ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» У.М.Прышла дастаўляў даламітавую муку з Аранчыцаў на палетак. Унясеннем меліяранту ў глебу займаўся механізатар С.П.Астапчык, які за светлавы дзень выконвае работы ў сярэднім на 25 гектарах.

На здымках: работы па вапнаванні глебы ў ААТ «Вялікасельскае Агра»; вадзіцель ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» У.М. Прышла і механізатар С.П.Астапчык.

Мікола АРХУЦІК

            Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *