Воскресенье, 19 января 2025

Валейбольная феерыя

636

У мінулыя выхадныя прайшлі спаборніцтвы па валейболе сярод арганізацый і прадпрыемстваў, якія былі прысвечаны 85-годдзю Пружанскага раёна. Арганізатарам падзеі выступіў РФСК «Мухавец».

Турнір праходзіў у зале ДЮСШ № 1 і сабраў немалую колькасць удзельнікаў і гледачоў. Так за званне мацнейшага калектыву спаборнічала адразу сем каманд: «РАУС», «ААТ «Жураўлінае», «Камунальнік», «Будаўнік», «ААТ «Ліноўскае», «РАНС» і «ААТ «Агра-Калядзічы». Згодна з рэгламентам чэмпіянату, каманды павінны былі сустрэцца з кожным сваім апанентам па адным разе.

Усе гульні турніру праходзілі ў цудоўнай атмасферы і ў напружанай барацьбе. Пасля першага гульнявога дня на вяршыні турнірнай табліцы апынулася каманда «РАУС», на радок ніжэй размясціўся калектыў «ААТ «Жураўлінае» (на здымку), а замкнуў тройку «Камунальнік». На другі дзень калектыў-лідар толькі ўмацаваў свае пазіцыі і забяспечыў сабе заслужанае чэмпіёнства. Услед за ім размясцілася, як і перад другім гульнявым днём, дружына «ААТ «Жураўлінае». А вось замкнула тройку прызёраў каманда «РАНС», якая набрала абароты ў другой частцы чэмпіянату і здолела здабыць тры перамогі запар. Прызёры спаборніцтваў атрымалі медалі і граматы, а пераможца — яшчэ і кубак ад РФСК «Мухавец».

Па выніках турніру былі вызначаны і лепшыя гульцы, якім былі ўручаны статуэткі. Лепшым звязуючым турніру стаў Кірыл Барай («РАНС»), статуэтка лепшага нападаючага была ўручана Вячаславу Грышчанку («РАУС»), а прыз лепшага гульца спаборніцтваў дастаўся Аляксандру Кавельку («ААТ «Жураўлінае»), які з траўмай рукі прыняў удзел ва ўсіх матчах і дапамог сваёй камандзе здабыць сярэбраныя медалі. Лепшыя валейбалісты атрымалі дадатковыя падарункі ад райвыканкама, якія ўручыў намеснік старшыні Руслан Супрыновіч.

Руслан Басак. Фота прадастаўлена РФСК «Мухавец»