Вінаград, яблыкі, грушы, слівы… У кожнага з нас свае плады Праабражэння: хтосьці ў свой святочны кошычак пакладзе яшчэ цярпенне і пакору, іншы дадасць прыстойнасці і лагоднасці. А вось валанцёр раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Вера Сяргееўна Дарашэнка, напісаць пра якую нас папрасілі ўдзячныя чытачы, прынясе ўласную скарбонку добрых спраў і набожнасці.
— Нічым асаблівым маё жыццё не вылучаецца. Я, шчыра кажучы, вельмі здзіўлена такой увазе да маёй асобы. У храм з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі пэўны час не хадзіла, вядома, сумавала без набажэнстваў. А вось на свята Праабражэння абавязкова пайду, — запэўнівае жанчына.
Па прызнанні Веры Сяргееўны, яе ўласны шлях да Бога не такі ўжо роўны і гладкі, як здаецца на першы погляд: больш падобны на прарывістую лінію, пункцір.
— Навучыла мяне маліцца бабуля, менавіта яна і прывяла ў храм у першы раз. А адбылося гэта ў Рудніках. Мы жылі тады ў Навадворцах і па святах некалькі кіламетраў пешшу хадзілі ў Пакроўскую цэркаўку. Памятаю, як маленькай любіла разглядаць абразы з прыгожымі лікамі Бога, Багародзіцы і святых, памятаю і тое, як на Вялікдзень бабуля частавала нас асвечанымі яйкамі… Пазней, як ужо ў школе вучылася, я ў царкву амаль не хадзіла: нас у матулі было чацвёра, дапамагалі па гаспадарцы. Да таго ж, настаўнікі пільнавалі нас каля храма і праганялі. Але бабуля супакойвала і наказвала: “Прыстойна жыві і твары дабро. Бог усё ўлічыць. Служы людзям”.
Бабулін запавет глыбока запаў у душу. Таму яшчэ ў чацвёртым класе школы Вера вырашыла сваё будучае жыццё звязаць з медыцынай, каб лячыць людзей.
— Добра памятаю, што акурат у той год я ляжала ў бальніцы, і мне вельмі спадабаліся ўрачы і медсёстры. На ўласны выбар прафесіі паўплываў і той факт, што бабуля была павітухай, дапамагала дзецям з’яўляцца на свет. У прыватнасці, мяне і брата майго першай на рукі ўзяла. Напэўна, з яе “лёгкай рукі” я і стала фельчарам, — кажа мая суразмоўца.
Распачынала свой працоўны шлях жанчына ў радзільным аддзяленні Пружанскай ЦРБ, два з паловай гады завіхалася каля немаўлят побач з вядомай дзіцячай медсястрой Галінай Дзмітрыеўнай Завіжэнец. А потым перайшла ў аддзяленне хуткай дапамогі, дзе без малога тры дзясяткі гадоў спяшалася на дапамогу лю-дзям. Ужо будучы на пенсіі, пэўны перыяд працавала медсястрой у Водным палацы. Агульны медыцынскі стаж жанчыны склаў амаль 40 гадоў.
— «Mens sana in corpore sano». У здаровым целе – здаровы дух, — сцвярджалі мае калегі. Аднак, калі мне споўнілася 40 гадоў, я гэты крылаты выраз перафразавала: “Будзе здаровы дух – умацуецца і цела”.
На такія думкі Веру Сяргееўну натхніла першая паездка ў Жыровіцкі манастыр.
— Прыехалі з сяброўкай зацемна, начавалі ў нейкім вялікім цокальным памяшканні для паломнікаў. Людзі размаўлялі, дзяліліся набалелым, а самыя старыя з іх, што асабліва запомніла, усю ноч малі-ліся, а зранку яшчэ пайшлі на набажэнства. У тыя дні ў маёй душы адбыліся важныя перамены. Усё, што ў далейшым мне падрыхтаваў лёс, я стала прымаць са спакоем і пакорай. Калі цяжка бывае на душы – іду ў царкву, і адразу лягчэй становіцца.
Васямнаццаць гадоў таму жанчына аўдавела…
— Пабегла тады ў Свята-Аляксандра-Неўскі сабор да айца Іосіфа за духоўнай падтрымкай… Заўсёды гучна вітаў ён нас, фельчараў: “Меды-цы-на!” – расцягваў словы, быццам каб падкрэсліць сваю павагу да медыкаў. Бацюшка, дарэчы, вельмі любіў свята Праабражэння, ды і сам ён быў падобны на яблычак, — з сумнай усмешкай успамінае жанчына.
У мінулым годзе адзін з сыноў Веры Сяргееўны перанёс цяжкі інсульт, не размаўляе, але жанчына спадзяецца на лепшае:
— Бог побач… Ён абдарыў мяне сямю ўнукамі і ўжо двума праўнукамі. Трэба рухацца наперад, а не сядзець на месцы і чакаць сумнага канца. Вось далучылася да валанцёраў Чырвонага Крыжа, якія займаюцца дабрачыннасцю: дапамагаюць адзінокім, хворым і бяздольным людзям. Нядаўна пачала займацца ў трэнажорнай зале, якая адкрылася пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Адным словам, шліфую і цела, і душу. Чалавек, як аднойчы трапна заўважыла наш трэнер Алена Аляксандраўна Астапчык, падобны на аловак: цела – гэта драўляны корпус, а душа – грыфель, стрыжань. Хочаш, каб гэты “аловак” пісаў прыгожа і да самага канца, правільна заточвай…
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.