Четверг, 16 января 2025

Прафесія — Радзіму абараняць! Ваеннаслужачыя застаў «Хвойнікі» і «Перароў» прымалі віншаванні з Днём пагранічніка (+многа фота)

267

28 мая — не проста дата ў календары. Гэта галоўнае свята, калі вартавыя граніц з гонарам апранаюць парадную форму, успамінаюць службу, ветэранаў падраздзялення. Гэта свята тых, хто і зараз знаходзіцца на баявым пасту, 24 гадзіны ў суткі ахоўвае наш сон і спакой.

Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць! Гэтая крылатая фраза з мастацкага фільма «Афіцэры» як нельга лепш адлюстроўвае яе сутнасць. Абарона граніц Айчыны была адной з самых адказных, цяжкіх і ганаровых задач, выконваць якую Радзіма давярала толькі лепшым сваім воінам. Сёлета «зялёнае братэрства» адзначыла 106-ю гадавіну з дня ўтварэння пагранічнай службы. Ва ўсіх кутках «сінявокай», у вялікіх і маленькіх гарадах і пасёлках, размешчаных паблізу дзяржаўнай мяжы прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы.

У гэты дзень мы адправіліся ў самыя аддаленыя заставы Брэсцкай пагранічнай групы — «Хвойнікі» і «Перароў». Зацішнае мястэчка Белавежскай пушчы нагадвае райскі куток. Лёгкі шум соснаў і елак, шматгалоссе спеваў птушак перарывае каманда: «Стройся!» На пляцы пагранічнай заставы «Перароў» імя Рыгора Ільіча Кафанава ў роўным шэрагу застыў увесь асабісты састаў. Са словамі віншаванняў да воінаў-пагранічнікаў звярнуўся начальнік заставы Іван Навумавец.

— Кожны дзень мы нясём адказнасць за нашых родных і блізкіх, часам ахвяруючы сваім жыццём для іх бяспекі, — адзначыў Іван Сяргеевіч. — Служба патрабуе рашучасці, стойкасці, бездакорных навыкаў і халоднага разліку ў любой сітуацыі. Найменшае прамаруджванне можа пацягнуць за сабой сур’ёзныя наступствы. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, вы заўсёды гатовы выконваць свае абавязкі бездакорна. Дзякую за службу!

Прывітальны адрас ад Прэзідэнта нашай краіны (Аляксандр Лукашэнка, дарэчы, таксама праходзіў службу ў пагранічных войсках) зачытаў намеснік начальніка пагранічнай заставы Мікіта Бірук:

— Недатыкальнасць рубяжоў для дзяржавы — найважнейшая ўмова захавання яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, а іх абарона — справа гонару, патрыятычны абавязак і асаблівая адказнасць для кожнага воіна ў зялёнай фуражцы… Жадаю ўсяму асабоваму складу і вашым сем’ям, ветэранам органаў пагранічнай службы шчасця, дабрабыту і новых дасягненняў на карысць нашай Радзімы.

Да граніцы, якая раздзяляе нас з Польшчай, усяго 300 метраў. «Зялёныя берэты» нясуць варту кругласутачна. Органы пагранічнай службы Беларусі выконваюць пастаўленыя задачы на ўсёй яе працягласці, згодна з існуючым становішчам вакол нашых рубяжоў. У якім-небудзь павелічэнні асабовага складу або ўзбраення няма неабходнасці, застава працуе ў штатным рэжыме і заўсёды гатова адэкватна адрэагаваць на знешнія выклікі і пагрозы. Мы самі ў гэтым упэўніліся. На дадзены момант падстаў для турботы няма.

І, як прынята, у гэты святочны дзень вайскоўцы прымаюць толькі цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў. Старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец таксама павіншаваў абаронцаў. Па-дзячным лістом узнагароджаны Дзмітрый Патапаў, які служыць на мяжы ўжо другі год. Не абышлося, вядома, і без падарункаў. Ад мясцовых улад Мікалай Пятровіч уручыў начальніку заставы бензапілу, якая значна аблегчыць вядзенне гаспадарчых работ на тэрыторыі заставы.

Праз гадзіну мы прыбылі на першую пагранзаставу «Хвойнікі», размешчаную сярод дрымучых пушчанскіх лясоў. Нас сустрэў начальнік заставы Дзмітрый Сідорка. А ў канферэнц-зале панавала святочная атмасфера, вялася апошняя падрыхтоўка да канцэрта, ваеннаслужачыя і сем’і афіцэраў абменьваліся віншаваннямі.

— Вельмі хочацца, каб хлопцы ненадоўга перавялі дух, набраліся сіл, заслужана адпачылі ад штодзённых клопатаў, яшчэ раз адчулі сваю важнасць і патрэбнасць у вялікай справе — Радзіму ахоўваць, — падкрэсліў Дзмітрый Уладзіміравіч. — Сёння выдатная нагода, каб расслабіцца і крыху адпачыць, але граніца заўсёды на замку і без пільнага вока ахоўнікаў рубяжоў не застаецца ні на секунду.

Застава — гэта маленькая сям’я аднадумцаў і патрыётаў. Яны жывуць адасоблена, удалечыні ад шумных гарадоў. Сваёй гісторыяй з намі падзяліўся малодшы сяржант Андрэй Наўрасюк. Пасля атрымання дыплома інжынера Брэсцкага політэхнічнага ўніверсітэта ён быў прызваны ў армію і, не задумваючыся, абраў службу на граніцы.

— Большая частка службы ўжо ззаду — сотні кіламетраў уздоўж КСП, бяссонных начэй у каравулах і поўнай самааддачы. Граніца не даруе памылак, зараз я гэта разумею. Засталося 5 месяцаў да Звальнення ў запас. Прызвычаіўся да службы, знайшоў тут сяброў, уцягнуўся ў гэтую справу. Пакуль не вырашыў яшчэ, магчыма застануся на кантрактную службу. Яна заўсёды ў пашане была, ёсць і будзе. Як прынята лічыць, мы — эліта, — падкрэслівае Андрэй. — Ад нашых зладжаных дзеянняў залежыць спакойнае жыццё ўсёй краіны. Ганаруся тым, што прыношу карысць грамадству і дзяржаве.

Свята сапраўды атрымалася. Старшыня раённага Савета дэпутатаў і тут уручыў узнагароды і падарункі. А найлепшым падарункам ваеннаслужачым і іх сем’ям стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны сіламі артыстаў Пружанскага Палаца культуры. Воіны падпявалі знаёмым мелодыям і праводзілі артыстаў бурнымі апладысментамі.

Гледзячы на гэтых хлопцаў у зялёных берэтах, сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, разумееш, што дзякуючы ім кожную раніцу мы прачынаемся пад мірным небам, дзе за акном спяваюць птушкі, чуецца бусліны клёкат, і хочацца з добрым настроем спяшацца на працу, а ўвечары вяртацца дадому, адчуваць сябе часткай цудоўнага свету і быць гаспадаром на сваёй зямлі.

Ірына Велясевіч.

Фота Кацярыны Масік

Больш фота глядзіце ў альбомах у нашых групах: https://vk.com/album-23306785_302891435 і https://ok.ru/budni/album/979438305416