23 лютага прынята ўшаноўваць усіх мужчын. І гарэзлівыя хлапчукі, і сівыя дзядулі, безумоўна, заслугоўваюць увагі ў Дзень абаронцаў Айчыны, але асабліва падкрэслена гэтае свята тычыцца ваенных. Мужчыны, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Радзіме, з’яўляюцца годнымі нашчадкамі мужных продкаў, якія ў цяжкі і жорсткі час не кінулі Бацькаўшчыну на ганьбаванне чужынцам.
Авангардам Узброеных Сіл Беларусі з’яўляюцца пагранічныя войскі. Дадзеная катэгорыя ваеннаслужачых не па чутках ведае значэнне слоў «моц» і «трываласць». Сапраўдная сутнасць гэтых паняццяў адкрылася і нашаму земляку Уладзіміру Кабылкевічу, які праходзіць тэрміновую службу на пагранічнай заставе «Брэст» імя А. М. Кіжаватава.
Між іншым, гэтая застава з’яўляецца самай вялікай у органах пагранічнай службы і на працягу многіх гадоў утрымлівае званне лепшай, пра што сведчыць шматлікая колькасць разнастайных узнагарод. Салдаты, якім пашанцавала трапіць сюды на службу, разумеюць, што яны з’яўляюцца абаронцамі дзяржавы на першай лініі.
Дзякуючы экскурсіі, якую правёў афіцыйны прадстаўнік Брэсцкай пагранічнай групы Сяргей Дзмітрыеў, мы атрымалі магчымасць даведацца, як жыве пагранічная застава «Брэст».
Зразумела, што на тэрыторыі падраздзялення было мала шанцаў убачыць неахайнасць і бруд, але стэрыльны парадак, прадстаўлены нашай увазе, таксама стаў даволі нечаканым. Сапраўды ўразіла дагледжанасць і ўтульнасць усіх памяшканняў, аснашчаных сучасным абсталяваннем. У такіх умовах і па родным доме нудзіцца не будзеш.
У вытрыманым ваенным стылі, але якасна і з густам распісаны сцены казармаў. Малюнкі, якія стварыў салдат тэрміновай службы, тэматычныя: мост на ўчастку заставы, манументы «Мужнасць» і «Смага», сілуэты пагранічнікаў.
Куток псіхалагічнай разгрузкі, пакой вольнага часу і інфармацыі, клас баявой падрыхтоўкі, дзе салдаты займаюцца вывучэннем ваеннай тэорыі, шчодра аснашчаны адпаведнай інфаграфікай. Асобнай увагі заслугоўвае музей імя А. М. Кіжаватава.
На тэрыторыі заставы размешчаны рэзервовы дызельны генератар, кацельня, лазня, складскія памяшканні, кухня і сталоўка. Таксама тут знаходзіцца пункт тэхнічнага абслугоўвання і сховішча аўтамабільнай тэхнікі, пітомнік для службовых сабак.
— Застава — аўтаномны ваенны гарадок, забяспечаны ўсім неабходным і здольны выконваць любыя пастаўленыя задачы па ахове дзяржаўнай граніцы. У выпадку надзвычайнай сітуацыі ваеннае падраздзяленне зможа самастойна існаваць досыць працяглы час, — патлумачыў Сяргей Мікалаевіч.
Наш зямляк Уладзімір Кабылкевіч, якому выпаў гонар служыць на заставе імя А. М. Кіжаватава, родам з Сухопаля. Малады чалавек атрымаў базавую адукацыю ў родным аграгарадку, потым паступіў у брэсцкі ліцэй імя П. М. Машэрава. Пасля вучобы на факультэце транспартных камунікацый БНТУ і атрымання спецыяльнасці «Будаўніцтва аўтамабільных дарог і аэрадромаў» па размеркаванні трапіў у ДЭУ-25, папрацаваў у арганізацыі тры месяцы і прызваўся ў армію 28 кастрычніка.
— Можна сказаць, што я быў падрыхтаваны. Столькі год жыў у інтэрнатах, ведаў, што такое самастойнае жыццё, таму асаблівых хваляванняў не ўзнікала. Больш перажывалі бацькі, — кажа Уладзімір.
На этапе праходжання курса маладога байца юнак спадзяваўся, што трапіць у часць, якая будзе як мага бліжэй да дому.
— Калі ж даведаўся, што траплю ў іменную заставу, захваляваўся: гэта ж такая адказнасць, — прызнаецца малады чалавек.
На службе Уладзімір з’яўляецца інспектарам ІІІ катэгорыі. Па сутнасці, ён аператар усёй заставы: у анлайн-рэжыме інфармацыя ад пагранічных нарадаў збіраецца ў дзяжурнае памяшканне, і ад таго, як дзейнічае інспектар, залежыць поспех усяго падраздзялення.
— Наша служба адрозніваецца ад будняў салдат Узброеных Сіл. Калі пераважная маса ваеннаслужачых жыве ў асноўным па распарадку, то ў нас кожны дзень — загадка. Скажам так, мы не ўпісваемся ў пэўныя рамкі.
Дакладней не скажаш! Увачавідкі давялося пераканацца ў пэўнай непрадбачанасці штодзённага жыцця пагранічнікаў. Толькі падчас майго знаходжання на тэрыторыі заставы трывожныя групы выязджалі на граніцу два разы.
Да слова, органы пагранічнай службы — гэта адзіныя воінскія фарміраванні, якія даюць салдатам магчымасць самастойна арганізоўваць службу. Салдаты ходзяць у нарады без суправаджэння афіцэраў — кожны дзень атрымліваюць баявую зброю і сыходзяць на ахову граніцы. Там яны знаходзяцца адны і ў выпадку змянення становішча самастойна рэагуюць на сітуацыю.
Безумоўна, пагранічнікі даражаць сваім вольным часам. Адметна, што і камандаванню важна, каб ваеннаслужачыя праводзілі свабодныя хвіліны з карысцю: на заставе ёсць бібліятэка (там апроч ваеннай хронікі можна знайсці мастацкія творы), а таксама трэнажорная зала.
— Кожны адпачывае па-свойму. Я, напрыклад, пішу лісты. Цяпер у арміі гэта непапулярна, але для мяне выкладанне думак на паперы з’яўляецца займальнай справай, — кажа Уладзімір Кабылкевіч. — Раней вёў падлік лістоў, але зараз крыху збіўся. Агулам адправіў каля 30 паведамленняў бацькам, дзяўчыне Кацярыне, сястры і сябру.
Юнак зазначае, што асабліва хвалююча было чытаць першыя лісты-адказы родных людзей і з усмешкай прызнаецца, што нават даваў волю эмоцыям, «пускаў слязу».
— У перапісцы ёсць непаўторная сакральнасць. Я да самых дробязей уяўляю, як блізкія рыхтаваліся да напісання ліста, як бралі ручку і садзіліся за стол вольным вечарам. Усведамляю, што яны ў гэты момант думалі пра мяне, — дзеліцца ваеннаслужачы. — У сваю чаргу я таксама адказна рыхтуюся да такіх зносін. Рупліва прадумваю змест паведамлення, падбіраю фразеалагічныя звароты, акуратным почыркам (прынамсі, мне так здаецца) выводжу важныя словы, стараюся зрабіць прыгожа. А апошнім часам мы дагадаліся ўкладваць у лісты маленькія фотакарткі, каб я мог пабачыць важныя моманты з жыцця сям’і, якія ўпускаю.
Калі наступае маркотны настрой, малады чалавек карыстаецца парадамі кіраўніцтва, якое, апроч выкладання неабходнай інфармацыі, удзяляе ўвагу псіхалагічнаму стану падначаленых.
— Трэба шукаць прыемнае ў дробязях. Выглянула сонейка, з’еў цукерку, заступіў з сябрам у нарад — дзень атрымаўся! Сумаваць няма калі, бо ўвесь час ты заняты, знаходзішся ў руху, таму і дні бягуць імкліва. Адзінае, чаго сапраўды не хапае, — музыкі, — усміхаецца інспектар.
Юнак адзначае, што салдаты не сутыкаюцца з прадузятымі адносінамі і завышанымі патрабаваннямі з боку камандзіраў, застава жыве па статуце. Тут узорны парадак ва ўсім, таму малады чалавек лічыць пагранічную службу элітнай.
— Мы — шчыт дзяржавы, яе суверэнітэту, самы першы, важны рубеж рэспублікі, так сказаць «імунітэт арганізма», які адсякае ўсё лішняе. І хоць гэтая служба часам нялёгкая, яна мне вельмі падабаецца, — шчыра кажа Уладзімір Кабылкевіч.
Мяркую, што выказвацца такім чынам можа толькі сапраўдны мужчына, годны абаронца Радзімы.
— Радавы Кабылкевіч зарэкамендаваў сябе як адказны, граматны салдат. Ён творча падыходзіць да арганізацыі службы ў пагранічных нарадах, праяўляе цікавасць да ўсіх дысцыплін, якія вывучаюцца на пагранічнай заставе, — кажа пра сухопальскага юнака начальнік пагранічнай заставы «Брэст» маёр Андрэй Ляўчук (ён, дарэчы, таксама родам з Пружан). — Да тэрміновай службы Уладзімір паспеў азнаёміцца з ваеннай літаратурай, што дае яму магчымасць уносіць прапановы па развіцці інжынернай інфраструктуры пагранічнай заставы. Словам, бачанне службы ў яго правільнае.
У адрозненне ад героя нашага артыкула, некаторыя сучасныя маладыя людзі ставяцца да службы з пэўным скепсісам. Беручы гэта да ўвагі, я спытала начальніка пагранічнай заставы: «Чаму можна навучыцца ў арміі?»
— Армія навучыць вырашаць прасцейшыя бытавыя пытанні, дапаможа выпрацаваць пэўныя рысы характару, якія будуць неабходны для далейшага жыцця, — кажа Андрэй Уладзіміравіч. — Таксама гэта магчымасць зразумець, што такое сапраўднае сяброўства, праверанае часам і пэўнымі абставінамі. Цяпер моладзі цяжка падтрымліваць зносіны ў жывым фармаце, а тут яны навучацца паводзінам у калектыве. Служба дасць юнакам упэўненасць і цвёрдасць у прыняцці сур’ёзных рашэнняў. І, вярнуўшыся ў грамадзянскае жыццё, былы пагранічнік ужо не стане хавацца за нечай спінай, будзе гатовы несці адказнасць за сябе і за іншых.
Юлія Янушка. Фота аўтара