У мінулым нумары мы расказвалі пра спаборніцтвы школьнікаў сярэдняга ўзросту ў рамках раённага этапу ваенна-патрыятычнай гульні «Арляня». А напрыканцы мінулага тыдня ў тым жа месцы — на базе Цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства ў аг. Руднікі — прайшла ваенна-патрыятычная гульня для вучняў старэйшых класаў «Зарніца-2024». Удзел у ёй прынялі 16 каманд са школ раёна.
Падлеткі паказвалі свае веды, спрыт і фізічную загартоўку ў пяці конкурсах. Напрыканцы журы падлічвала агульны бал па заваяваных у прамежкавых турах месцах з вызначэннем прызёраў гульні.
У «Гістарычным квізе» самую высокую тэарэтычную падрыхтоўку паказалі вучні Мураўскай СШ, якім крыху саступілі равеснікі з Магілявецкай школы. Раўназначны вынік паказалі каманды з СШ № 3, № 5, Мокрага і Клепачоў, таму ў табліцы балаў яны разам занялі 3-6 месцы.
Другі тур вызначыў самых «бравых воінаў» падчас «Страявой падрыхтоўкі». Тут роўных не было ўдзельнікам з СШ № 3, якія сваім заліхвацкім выглядам пераўзышлі сапернікаў з Кляпацкай школы і СШ № 5 (2-е і 3-е месцы адпаведна).
Пасля гэтага ўдзельнікі ваенна-патрыятычнай гульні перайшлі да медыцынскіх выпрабаванняў, падчас якіх лепш за іншых з заданнямі справіліся школьнікі з Харавы, якім крыху па медыка-санітарных ведах саступілі мураўцы і ружанцы, заняўшы другое і трэцяе прамежкавыя месцы.
А ў рухомых турах, калі неабходна было паказаць трапнасць падчас стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі, а потым прайсці ваенізаваную эстафету, самымі лепшымі стралкамі сталі прадстаўнікі Мокраўскай школы, якія крыху апярэдзілі равеснікаў з СШ № 3. Але тыя ўзялі рэванш на эстафеце і… зноў заваявалі «золата». Трэцімі ў стральбе сталі вучні СШ № 4. А вось «серабро» і «бронзу» ў эстафеце падзялілі паміж сабой шаняўцы і мураўцы.
У фінале па колькасці набраных месцаў галоўная перамога «Зарніцы-2024» была прысуджана камандзе з СШ № 3, на другім месцы апынуліся школьнікі з Мураўскай СШ, на трэцім — з СШ № 5.
Так што на абласны этап ваенна-патрыятычнай гульні, відавочна, паедуць школьнікі трэцяй гарадской. Нагадаем, што малодшая каманда гэтай школы стала пераможцай раённага этапу гульні «Арляня-2024». Яе ўдзельнікі на гэты час ужо паспелі пазмагацца ў абласным этапе і толькі крыху не дайшлі да прызавых месцаў: занялі чацвёртае ганаровае. Будзем спадзявацца, што іх старэйшым таварышам больш пашанцуе і яны вярнуцца з «каштоўным» дыпломам.
Алег Сідарэнка