Воскресенье, 8 декабря 2024

Вадзіцель з ААТ «Мурава» Аляксей Масленнікаў: «Пра гарадское жыццё не мару, у родным аграгарадку жывецца нядрэнна!»

696

Маладосць — гэтая тая пара, калі марыш аб нечым вялікім, будуеш грандыёзныя планы на далейшае жыццё. Здаецца, што табе па сіле пераадолець любыя перашкоды, якія ўзнікнуць на шляху.

Што ж, марыць ніхто не забараняе. Другая справа, калі дасягнуць пастаўленай вышыні не ўдаецца. У такім выпадку і рукі могуць апусціцца, і жаданне перамагаць і ісці далей можа знікнуць. Што тады параіць? Як выйсце, браць на сябе столькі, колькі зможаш панесці.

У якасці параўнання можна прывесці сітуацыю, калі маладыя людзі з сельскай мясцовасці стараюцца ўсімі праўдамі і няпраўдамі пакінуць бацькоўскі дом і асталявацца ў вялікім горадзе. Нічога дрэннага ў гэтым няма, але… многім даводзіцца вяртацца назад: не прыжыліся, не знайшлі сябе.

Але падобныя разважанні — не пра Аляксея Масленнікава з аг. Мурава. Пра гарадское жыццё ён не марыць, лічыць, што і ў родным аграгарадку жывецца нядрэнна.

Нарадзіўся і вырас Аляксей Масленнікаў у Мураве, у шматдзетнай сям’і (пяцёра хлопцаў выгадавалі бацькі!). Скончыў школу ў гэтым жа аграгарадку, паступіў ва УА «Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці», дзе набыў спецыяльнасць вадзіцеля-зваршчыка. Як потым пакажа час, яна і стане для яго пуцёўкай у жыццё, і сапраўдным задавальненнем, і магчымасцю зарабіць неблагія грошы. Затым была работа вадзіцелем у ААТ «Мурава» на працягу чатырох гадоў. Хлопец ужо на той момант паказаў сябе як адказны работнік, які сур’ёзна ставіцца да любой даручанай справы і тэхніку заўсёды трымае ў спраўным стане. Далей Аляксея чакаў пачэсны абавязак любога мужчыны — служба ў арміі, які ён з гонарам выканаў.

Любое сельгаставарыства стараецца набіраць працаўнікоў старанных і сумленных. І кіраўніцтва ААТ «Мурава» зусім было не супраць таго, што пасля вайсковай службы Аляксей вярнуўся ў гаспадарку. Тут працуе і па сённяшні дзень. З часам сустрэў сваю адзіную, ажаніўся. У таварыстве з гэтай нагоды выдзелілі маладым дом, у якім нарадзілася два сыночкі. Хто ведае, магчыма, і яны пойдуць па шляху бацькі. Тут абавязкова трэба адзначыць, што на дадзены момант яшчэ тры браты Аляксея працуюць у той жа гаспадарцы — Яўген, Іван, Міхаіл. Хто яшчэ можа пахваліцца такім «сямейным падрадам»?!

На момант прыезду карэспандэнтаў хлопец быў задзейнічаны на адвозцы насення азімага рапсу з палетка каля аг. Мурава. На сваім магутным «МАЗе 6422» Аляксей за дзень перавозіць у сярэднім 70 тон зерня. Дарэчы, гэта яго дзявятае жніво. А ўвогуле сёлета ў гаспадарцы ўраджайнасць рапсу вельмі радуе: яна самая высокая па раёне — 39,2 ц/га.

На Пружаншчыне з’явіліся першыя пераможцы на жніве-2022. Хочацца, каб сёлета пашанцавала і Аляксею, і ён паказаў свае здольнасці і спрыт у спаборніцтве па адвозцы зерня сярод маладых вадзіцеляў.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік