Са сваёй будучай жонкай вадзіцель пажарнага аўтамабіля пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 2 г.п. Шарашэва Ігар Мартынчук пазнаёміўся амаль дзесяць гадоў таму, калі праходзіў тэрміновую армейскую службу. І дапамаглі ў гэтым сацыяльныя сеткі.
Адно з уласных фота, размешчаных на старонцы Ігара, спадабалася выпадковай наведвальніцы, якая пакінула пад ім «падабайку». Хлопец вырашыў напісаць паведамленне, і Надзея ахвотна адказала на яго. Завязалася ўстойлівая перапіска, знаёмства працягнулася ў «рэале» і перарасло ў каханне. Так нарадзілася сям’я Мартынчукоў. Стварыўся трывалы саюз, у якім інтарэсы не падзяляліся на «тваё-маё», а любыя жыццёвыя акалічнасці вырашаліся сумесна. Як і жаданне галавы сям’і пайсці на службу выратавальнікаў.
— Каханая з адабрэннем успрыняла такое рашэнне, — успамінае Ігар Віктаравіч. — І паабяцала любую падтрымку, таму што вядома — гэта служба не з лёгкіх, у тым ліку і для членаў сям’і выратавальніка.
А сям’я ў Ігара і Надзеі Мартынчукоў ужо немалая. Падрастаюць дзеці — Меланія і Багдан, а крыху больш за паўгода таму да іх дабавіўся маленькі Глеб.
Безумоўна, Надзея трывожыцца за жыццё і здароўе Ігара. Як ён расказвае, амаль пасля кожнага дзяжурства пытаецца, ці выязджалі сёння на пажары. І па традыцыі ён заўсёды адказвае, што ўсё прайшло спакойна.
— Я — абаронца сваёй цяпер ужо шматдзетнай сям’і, таму павінен забяспечваць спакой маіх дамачадцаў. Але разам з тым павінен ахоўваць, ратаваць іншых людзей, у чым і заключаецца сэнс маёй службы. Жыццё, здароўе людзей для нас — самыя важныя каштоўнасці.
Алег Сідарэнка
Фота з асабістага архіва сям’і Мартынчук