Понедельник, 2 октября 2023

Вадзіцель ААТ «Роўбіцкае» Юрый Папко: «Шчасце маёй прафесіі — імкнуцца толькі наперад і толькі да новага»

205

Сённяшняе пакаленне моладзі пры выбары прафесіі аддае перавагу такім спецыяльнасцям, як юрысты, офісныя работнікі, менеджары, ІТ-спецыялісты. А ў 80-ыя гады, напрыклад, юнакі даволі часта марылі круціць баранку, адмерваць кожны дзень сотні кіламетраў дарог, падстаўляць твар сустрэчнаму пругкаму ветру праз адкрытае бакавое шкло. Як усе здагадаліся, гэта прафесія — вадзіцель. Не толькі марыў пра яе, але і спраўдзіў сваё жаданае жыхар аг. Роўбіцк Юрый Папко (на здымку).

І да гэтага часу Юрый Мікалаевіч не шкадуе аб сваім выбары, ды і позна ўжо нешта ў жыцці мяняць. А навошта? Жыццёвая дарога акрэслена, на яе гарызонце бачная будучыня сям’і. Застаецца толькі спакойна працаваць, што і робіць Юрый Папко вось ужо 37 гадоў. Як прыйшоў у калгас «Шлях Леніна» ў 1986 годзе, так і працуе вадзіцелем цяпер ужо ў ААТ «Роўбіцкае». І нараканняў не мае, бо сумленна выконвае працоўныя абавязкі. І падчас размовы з Юрыем Мікалаевічам выбудавалася ўпэўненасць: на такіх працаўнікоў можна смела абапірацца, яны не падвядуць, зробяць усё на выдатна. На сёлетнім жніве вадзіцель упэўнена перасягнуў 1000 тон на перавозцы зерня, а каб яшчэ крыху працягнулася ўборка, то, магчыма, было б і дзве тысячы. Спорная праца заўсёды прыносіць свой плён, з якога боку ні глядзі: і грошай зарабіў, і ў чарговы раз паказаў сябе адказным работнікам.

У свой час Юрый Папко ўгледзеў будучую прыгажуню жонку, з якой ідуць па жыцці і сямейным, і працоўным: Валянціна Іванаўна працуе ў гэтай жа гаспадарцы кладаўшчыцай. А сям’я атрымалася моцная і дружная. Разам з жонкай выхавалі дачку Ірыну і сыноў Аляксандра і Андрэя. А гэта дарагога вартае, бо, у першую чаргу, самому патрэбна быць для дзяцей прыкладам чалавечнасці і ўзаемапавагі. На шчасце, мужу і жонцы Папко гэтага не займаць.

…Для вадзіцеля дарога заўсёды бясконцая, ніколі не ведаеш, куды яна завядзе цябе заўтра. І ў гэтым, як лічыць Юрый Мікалаевіч, шчасце вадзіцельскае: імкнуцца толькі наперад і толькі да новага.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік