Наша новая рубрыка «Чалавек на сваім месцы» хутка знайшла прыхільнікаў сярод чытачоў «раёнкі»: людзі тэлефануюць у рэдакцыю, каб прапанаваць кандыдатаў чарговага артыкула. Нядаўна група «ўдзячных пасажыраў» папрасіла карэспандэнтаў абавязкова напісаць пра вадзіцеля аўтобуса Сяргея Гука.
Сапраўды, па словах дырэктара аўтапарка №11 Анатолія Вакульчыка, гэты работнік на добрым рахунку ў транспартнай арганізацыі. Вадзіцелю Гуку давяраюць новую і складаную тэхніку, ведаюць: у яго ўмелых руках яна не падвядзе. А яшчэ ў любой сітуацыі ён застаецца ветлівым, добразычлівым.

Зразумела, мы сустрэліся з героем рубрыкі на яго працоўным месцы. Сяргей Васільевіч збіраўся ў чарговы рэйс, таму час на размову адразу абмежаваў: маўляў, перад выездам трэба пераканацца, што тэхніка не падвядзе ў дарозе, што ўсё неабходнае прыпасена і можна будзе пазбегнуць складаных сітуацый.
Аказалася, што ўсё свядомае жыццё гэтага чалавека звязана з транспартам. Ураджэнец вёскі Зарэчча атрымаў вадзіцельскае пасведчанне на кіраванне грузавіком яшчэ падчас вучобы ў школе, дзякуючы чаму, атрымаўшы ў 1987 годзе агульную сярэднюю адукацыю, адразу працаўладкаваўся ў пружанскі аўтапарк. Потым была армія, пасля службы ў якой хлопец зноў вярнуўся ў транспартную арганізацыю. На гэты раз яго пасадзілі за руль пасажырскага аўтобуса, баранку якога ён «круціць» ужо больш за тры дзесяцігоддзі.
Сяргея Гука старажылы могуць успомніць за рулём ціхаходных ЛАЗаў, шумлівых «Ікарусаў», што на пачатку бягучага стагоддзя ездзілі па дарогах раёна і вуліцах населеных пунктаў Пружаншчыны. Калі ж аўтапарк набыў першы гарадскі МАЗ, то гэта тэхніка была даручана менавіта Сяргею Васільевічу. Як і першы турыстычны аўтобус, які набыла транспартная арганізацыя.
— З турпаездкамі за 12 гадоў я аб’ездзіў амаль усю Беларусь і неаднаразова пабываў за межамі рэспублікі, — успамінае прафесіянал. — І калі скласці кіламетраж, то, напэўна, атрымаецца не адно кругасветнае падарожжа.
З нядаўняга часу Сяргей Гук працуе на прыгарадных маршрутах. Адзін дзень яго можна ўбачыць у Шарашэве, на наступны — у Клепачах ці іншым кутку Пружаншчыны. Словам, на месцы сядзець не атрымліваецца, тым больш што аўтобус заўсёды чакаюць з нецярпеннем вясковыя пасажыры.
З 30-гадовай вадзіцельскай практыкі Сяргею Васільевічу ёсць што ўспомніць. Як прыемныя ўражанні, так і не вельмі. Хаця апошніх значна менш, бо мужчына лічыць сябе неканфліктным і трымаецца правіла «Разумны прамаўчыць»…
А з прыемных заўсёды ўспамінаюцца падзякі, напрыклад, як тая, што атрымаў напачатку бягучага года. Ён вёз пасажыраў па маршруце «Брэст-Магілёўцы» і раптам аднаму мужчыне ў салоне стала дрэнна: сэрца прыхапіла.
— Састарэламу чалавеку я аказаў першую медыцынскую дапамогу, і ён вельмі потым дзякаваў. Магчыма, гэта ён вам тэлефанаваў?
На самай справе нам тэлефанавалі жанчыны, але ж, напэўна, уважлівае стаўленне Сяргея Гука да людзей заўважылі многія.
Мы запыталі ў Сяргея Васільевіча: якія «тры правілы вадзіцеля аўтобуса» вы прымусілі б засвоіць маладых людзей, якія выберуць прафесію вадзіцеля грамадскага транспарту?
— Па-першае, дакладна ведаць асаблівасці даручанай тэхнікі. Па-другое, захоўваць культуру абслугоўвання. І, нарэшце, заўсёды, у любой сітуацыі, заставацца чалавечным. Тады і ім будуць неаднаразова дзякаваць.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік