Суббота, 12 октября 2024

В здоровом теле — здоровый дух. Семья врачей рассказала о своем пути в храм

1 345

Вернікі… Дзясяткі, сотні, тысячы… — колькі б іх не прыйшло ў храм, ніхто і ніколі не асмеліцца назваць іх хаатычным натоўпам. Таму што яны жывуць па адным маральна-этычным кодэксе — Святым Евангеллі, і звязаныя адной крывёй, хрысціянскай. Толькі вось шлях у храм у кожнага з іх свой… Вось спяшаецца маладая мама, якая з радасцю нясе да Бога свайго першынца, за ёй, шоргаючы нагамі, — адзінокая згорбленая бабулька, малітвамі якой, нябось, жыве ўвесь яе род. А вось ідзе сям’я вядомых у горадзе ўрачоў. Цікава, а вас, паважаных, якая патрэба прывяла сюды? Вы ж самі паспяхова лечыце хваробы, а ў здаровым целе, як той казаў, здаровы дух!


— На самай справе, адно з двух, — адказваючы на маё правакацыйнае пытанне, абвяргае вядомы выраз загадчык інфекцыйнага аддзялення Пружанскай раённай бальніцы Дзяніс Уладзіміравіч Бут. — Здаровае цела нікому аўтаматычна не гарантуе духоўнага здароўя. Тут толькі на Божую дапамогу прыходзіцца спадзявацца. Толькі здаровая душа здольная слабое, хворае цела напоўніць незвычайнай сілай, а адсутнасць духу, наадварот, можа аслабіць любога фізічна моцнага чалавека. Вазьміце хоць бы сённяшняе набажэнства. Вунь бабуля тры гадзіны, як вартавы, прастаяла на адным месцы, а хлопец малады патаптаўся хвілін пятнаццаць (спіна баліць, ногі ныюць!) і выйшаў з храма.
— Такія ж і мы, простыя, нямоглыя людзі, таму самі прыйшлі ў храм і дзяцей сваіх прывялі, каб самы галоўны Урач аздаравіў нашы душы і дапамог справіцца са сваімі праблемамі і перажываннямі, якіх, паверце, хапае, — дапаўняе адказ свайго мужа загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Таццяна Аляксандраўна Бут. — Чамусьці традыцыйна ў нашым грамадстве склалася не самае лепшае стаўленне да ўрачоў, і калі нешта ідзе не так — мы ж не багі! — людзі з лёгкасцю выплюхваюць на іх сваю агрэсію. Хтосьці можа сабе дазволіць рэзка адказаць, а хтосьці ўсё трымае ў сабе, моўчкі перажываючы канфлікт, а потым хварэе. Надыходзіць поўнае спусташэнне. Узнікаюць пытанні: навошта ты працуеш? Навошта ўсё гэта церпіш? Што далей? Без Бога нішто не мае сэнсу, а з Ім разумееш, што трэба цярпець, трэба несці свой жыццёвы крыж да канца без наракання, без агрэсіі.
Цікава, а што думаюць наконт свайго нядзельнага паходу ў храм дзеці Бутаў? Малодшы сын, трохгадовы Іван, які знаходзіцца на руках у таты, міла ўсміхаецца, аплятаючы за абедзве шчакі просвірку, і, здаецца, ні пра што іншае, акрамя гэтага хлебушка, не думае. А вось сямігадоваму Даніілу ёсць што расказаць. Ён ужо ведае малітву «Ойча наш» і кожны дзень яе свядома чытае, а потым просіць у Бога прабачэння за ўсё дрэннае, што зрабіў за дзень, і дзякуе за ўсё добрае.
— Шчыра скажу, мне не ўсё зразумела ў храме, але вельмі ўжо люблю, калі бацюшка выходзіць на пропаведзь і пачынае распавядаць пра царкоўныя святы і святых. Вось сёння я даведаўся пра пакутніка Фёдара Цірана, які дапамог хрысціянам не парушыць пост, — падкупляе сваёй шчырасцю хлопчык.
— Вось бачыце, мы самая звычайная сям’я. Я не магу сказаць, што мае дзеці «на крылах ляцяць» у храм. Гэта не праўда. Іншы раз даводзіцца і ўпрошваць іх. А чым старэйшымі яны становяцца, тым складаней гэта рабіць. Назіраю, што часам той жа Данік проста механічна чытае малітву, а іншы раз чую, як шчыра просіць: «Божачка, дапамажы мне лепш вучыцца, дапамажы, каб мама з татам і брацік не хварэлі». І ў такія моманты мне радасна становіцца на душы, — кажа Таццяна Аляксандраўна.
Што цікава, менавіта са з’яўлення на свет старэйшага сына Данііла сям’я Бутаў вядзе пачатак свайго свядомага «царкоўнага» шляху.
— Да гэтага было ўсё, як у большасці людзей: не багаборцамі былі, аднак і не асаблівымі багамольцамі. Як казаў мой тата, калі трывога, тады і стаіш на парозе ў Бога. Так здарылася і ў нас з мужам. Калі нарадзіўся наш першынец, урачы не давалі станоўчых прагнозаў наконт яго жыцця, і мы вымушаныя былі хрысціць дзіця ў рэанімацыі. Памятаю, як святар сказаў: «Не мучце сябе і не задавайцеся пытаннем: за што нам гэта? Гэта не за што, а для чагосьці…» Данік выжыў і ўмацаваў нас у веры. Потым, чаго ўжо крывіць душой, калі перажыванні сціхлі, мы сталі ад храма адыходзіць. Зрэдку прыносілі дзіця да прычасця, да канца не ўсведамляючы ўсёй сур’ёзнасці Таінства. А вось калі пяць гадоў таму пераехалі ў Пружаны (заўв. аўт. — сям’я Бутаў прыехала з Луганскай вобласці ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі) і пасяліліся ў доме каля Свята-Аляксандра-Неўскага сабора, зразумелі: вось яна, Божая воля! Не хадзіць у храм пры такім збегу абставін — гэта ўжо занадта… Другі сынок нарадзіўся ўжо тут, — дзеліцца патаемным мая суразмоўца.
Пра што ж урачы сёння маліліся ў храме?
— Я дзякаваў Богу за падораных мне родных: за бацькоў, якія заўсёды нас падтрымліваюць, за прыгажуню-жонку, якая стала для мяне самым родным чалавекам, за сыноў, якія, дасць Бог, вырастуць добрымі людзьмі. Ва ўсякім разе, я пра гэта буду кожны дзень у Бога прасіць, — прызнаецца Дзяніс Уладзіміравіч.
— А я чамусьці сёння ўспамінала сваіх бабуль і прабабуль, асабліва прабабулю Ксенію. Блізкія распавядалі, што яна была галоўным духоўным стрыжнем нашага роду. Пасля яе смерці цяжкую ношу галоўнага малітоўніка сям’і ўзяла на сябе мая бабуля. Вось яна і прывяла мяне першы раз у храм, калі я была яшчэ зусім маленькай… Спадзяюся, усе прывітыя ёю хрысціянскія традыцыі нам удасца захаваць у нашай сям’і і праз гады ўкараніць у сем’ях нашых дзяцей і, дасць Бог, унукаў. Без Бога — ні да парога.
Алена Зялевіч, фота аўтара.