Пружанскае КУВП «Камунальнік» — шматгаліновае прадпрыемства, у зоне адказнасці якога знаходзяцца цепла- і водазабеспячэнне насельніцтва, збор, вываз і абясшкоджванне цвёрдых камунальных адходаў, рамонт аб’ектаў жылфонду, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, падтрыманне парадку на могілках… Над выкананнем пастаўленых перад камунальнай службай шматлікіх задач шчыруе цэлая армія работнікаў: у штаце прадпрыемства сёння налічваецца больш за 800 чалавек.
Калектыў адной са змен Шчарчоўскай кацельні — слесар Анатоль Скварчэўскі, адзін з самых вопытных работнікаў камунальнай галіны раёна, і машыніст Сяргей Хмялінскі.
Аўтапарк Пружанскага КУВП «Камунальнік» сёння складае больш за восем дзясяткаў адзінак тэхнікі. Таму не дзіўна, што на ўчастку аўтаспецгаража, які ўзначальвае Андрэй Карпеш (на здымку справа), працуе каля сямідзесяці чалавек. Разнастайная спецтэхніка задзейнічана не толькі дзеля патрэб камунальнай службы і іншых арганізацый, але і насельніцтва. Вопытныя слесары арганізацыі, сярод якіх і Андрэй Карманаў, аказваюць нават паслугі па шынаманажы.
Варта адзначыць, што работа ўчастка наладжана дастаткова добра: тут неаднаразова праводзіліся разнастайныя семінары — ад раённых да рэспубліканскіх, у тым ліку па ахове працы.
Гарадскія ачышчальныя збудаванні знаходзяцца на балансе «Камунальніка» з 1980-х гадоў. Сёння якасць сцёкавых водаў, якія паступаюць сюды з горада, кантралюе лабарант Таццяна Каўшыла. Акрамя таго, Таццяна Фёдараўна разам з калегамі сочыць за якасцю прамыўных водаў на станцыях абезжалезвання, што функцыянуюць на Пружаншчыне.
І.І.Краўчук працуе ў камунальнай службе восьмы год. Пачаў Іван Іосіфавіч сваю дзейнасць на Шчарчоўскім участку з падсобнага рабочага, быў вальшчыкам, качагарам. Цяпер мужчына займаецца распілоўкай драўніны на кацельні, каб у кватэры аднавяскоўцаў, якія жывуць у шматпавярхоўках, і вучэбныя памяшканні, дзе займаюцца школьнікі і дзетсадаўцы, заўсёды своечасова паступала цяпло.
Сёння работнікі зелянгаса (а гэта калектыў з васьмі чалавек) заняты вырошчваннем кветкавай расады. Віёлы, хейрантусы, маргарыткі, гваздзікі і іншыя кветкі ў хуткім часе ўпрыгожаць вуліцы райцэнтра, гарадскіх пасёлкаў Ружаны і Шарашэва…
Наколькі скрупулёзнай з’яўляецца справа пікіроўкі сеянцаў петуніі, ведаюць Любоў Велісевіч і Ірына Блізнюк. Адных толькі гэтых кветак у цяпліцы сёлета налічваецца каля 15 тысяч штук.
Традыцыйны вясенні месячнік па добраўпарадкаванні ўжо стартаваў. Але рабочыя па комплекснай уборцы Людміла Пестрак, Аляксандр Рубель і Марына Кацюруба шчыруюць на вуліцах горада незалежна ад надвор’я і пары года, каб Пружаны заўсёды былі чыстымі, прыгожымі і ўтульнымі.
Падрыхтавалі Марына Вакульская і Сяргей Талашкевіч (фота).