Днямі ў СШ №1 імя ЧБВА адчыніў дзверы першы ў раёне STEM-цэнтр.
Там дзеці будуць вывучаць асновы праграмавання, 3D-мадэлявання, канструяваць робатаў і многае іншае. Такія класы працуюць па ўсёй краіне па ініцыятыве і падтрымцы асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”.
Перш, чым адкрыццё сучаснага класа стала магчымым, калектыў СШ №1 прыняў удзел у конкурсе “Хачу вучыцца ў STEM-класе”. Сутнасць конкурсу заключалася ў тым, каб даказаць, што менавіта гэтай школе патрэбны сучасны кабінет і, што менавіта тут змогуць яго зрабіць асабліва ўтульным і прыгодным для заняткаў.
На ўрачыстым адкрыцці дырэктар асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” Аляксандр Хоміч падкрэсліў, што пружанскі клас — адзін з самых прыгожа аформленых і прыклад для тых, хто плануе далучыцца да ініцыятывы. Пружанскі клас разлічаны на пачаткоўцаў, але і ў асацыяцыі, і ў школе разлічваюць, што супрацоўніцтва прадоўжыцца і STEM-цэнтры ахопяць вучняў розных узростаў. Асноўная мэта з’яўлення такіх класаў – даць дзецям магчымасць паспытаць нешта новае, зацікавіць іх вучобай. Веды, атрыманыя пры вывучэнні такіх сучасных напрамкаў, як робататэхніка ці 3D-мадэляванне, дазволяць навучыцца думаць і, безумоўна, спатрэбяцца ў вывучэнні іншых школьных прадметаў.
Спонсарскую дапамогу ў адкрыцці класа ў Пружанах аказала ІТ-кампанія “WorkFusion”. Прадстаўніца кампаніі Аляксандра Булка таксама выказала захапленне яркасцю і дызайнерскай дасканаласцю класа. Яна расказала пра новыя цікавыя прафесіі, якія стануць бліжэй пружанскім пачаткоўцам, дзякуючы магчымасці наведваць новы гурток.
STEM — абрэвіятура чатырох асноўных напрамкаў, якія маюць ключавую ролю ў развіцці тэхналогій: прыродазнаўчыя навукі, інфармацыйныя тэхналогіі, інжынірынг, матэматыка.
Дарэчы, заняткі ў гуртку ўжо праводзіць настаўніца Вікторыя Калацюк, якая прайшла спецыяльнае навучанне. Пад кіраўніцтвам Вікторыі Уладзіміраўны першыя наведвальнікі гуртка ўжо з задавальненнем сабралі мадэлі жабянятак і жаб, якіх прымусілі рухацца і падаваць гукі.
Падчас выканання цікавай для дзяцей работы, яны не толькі знаёміліся з асновамі праграмавання і мадэлявання, але і вывучалі жыццёвы цыкл жаб у цікавай гульнявой форме.
Ад імя ўсяго калектыву словы ўдзячнасці выказала дырэктар школы С.М. Станкевіч. Святлана Мікалаеўна раскрыла сакрэт прыгажосці пружанскага класа: у яго ўкладзены не толькі сродкі, але і душа.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).