Знамянальная падзея адбылася ў ДУА «Шарашоўская СШ» 16 снежня. У прысутнасці шматлікіх гасцей, вучняў і жыхароў пасёлка ўрачыста адкрыта Зала Славы, прысвечаная героям, якія абаранялі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ахоўвалі заходнія рубяжы нашай Радзімы ў складаны пасляваенны час. Асноўная частка экспазіцыі прысвечана гісторыі 56-га гвардзейскага Феадасійскага Чырванасцяжнага ордэна Суворава III-й ступені ракетнага палка і 1692-ай рамонтна-тэхнічнай базы, якія неслі баявое дзяжурства ў ваколіцах г.п. Шарашова з 1962 па 1994 год. Менавіта таму гэтая падзея была прымеркавана да памятнай даты — Дня ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, якая адзначаецца штогод 17 снежня.
Ініцыятарам стварэння экспазіцыі, прысвечанай гісторыі палка, стаў старшыня Пружанскай раённай арганізацыі ветэранаў РВСП палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Барысавіч Грышкевіч. Дырэктар школы з энтузіязмам падтрымала яго ідэю. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву педагагічнага калектыву школы і ветэранаў-ракетчыкаў за адзін год былі сабраны экспанаты, аформлены стэнды і падабраны неабходныя інфармацыйныя матэрыялы для Залы Славы.
Свята пачалося з праграмы-прэзентацыі, падчас якой вучні школы цёпла і сардэчна павіншавалі ветэранаў-ракетчыкаў з прафесійным святам. Гледачы даведаліся аб ганаровым шляху 56-га ракетнага палка, які базіраваўся ў ваколіцах Шарашэва, буднях і святах салдат і афіцэраў, пра ваеннае мінулае пасёлка. Яркае ўражанне зрабіў аповед ветэрана палка Г.З. Хамідуліна аб непадробным гераізме і самаахвярнасці, вернасці воінскаму абавязку ўсіх, хто меў дачыненне да службы ў падраздзяленнях РВСП. У выкананні У.Б. Грышкевіча і К.Р. Барэева гучалі песні і вершы ўласнага сачынення.
Кульмінацыяй свята стала цырымонія ўрачыстага адкрыцця Залы Славы. Права перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена ганаровым гасцям: старшынi раённай арганізацыі ветэранаў РВСН «Ракетчыкі» В.Б. Грышкевічу, дырэктару ДУА «Шарашоўская СШ» А.І. Пернач, начальніку Пружанскага РАНС А.А. Ганчарову, начальніку Пружанскага РАУС А. В. Гуку, былому намесніку камандзіра часці па выхаваўчай рабоце А.М. Тараскіну, былому камандзіру РТБ В.В. Папову, старшыні Шарашоўскай ветэранскай арганізацыі Н.А. Антановіч.
Госці і ўдзельнікі свята пазнаёміліся з экспазіцыяй і пераканаліся, што сумеснымі намаганнямі зроблена вялікая і патрэбная справа, якая паслужыць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.
Пад канец свята была ўскладзена гірлянда да памятнага знака, устаноўленага недалёка ад месца нясення баявога дзяжурства 56-га ракетнага палка і 1692-ай РТБ.
Тэрэса Панамар, настаўніца гісторыі.
Фота Сяргея Талашкевіча.