Нядаўна ў пошуках новых герояў для старонкі «Газетка-дзетка» мы завіталі ў Сухопальскі ВПК. Якое ж было наша здзіўленне, калі ўсе настаўнікі ў адзін голас заявілі, што лепшых кандыдатур, чым дзеці Мазіны, нам не знайсці. Як аказалася, не два, не тры, а адразу пяць рэдкіх пеўчых дараванняў выхоўваюцца ў сям’і Людмілы Раманаўны і Дзмітрыя Мікалаевіча Мазіных.
Шчаслівая мама з задавальненнем пазнаёміла журналістаў са сваімі таленавітымі дзецьмі, слава пра якіх разнеслася далёка за межамі Сухопальскага сельсавета.

— У жыцці Улада, майго старэйшага сына, песня адыграла вельмі вялікую ролю. Справа ў тым, што практычна да 5-га класа Улад не вымаўляў многія літары і вельмі саромеўся сваёй дыкцыі. Хлопчыку дапамог шчаслівы выпадак, — распавядае жанчына.
Аднойчы ў Сухопальскую школу прыйшоў Сяргей Васільевіч Лукша, кіраўнік вакальнага гуртка ў мясцовым Доме культуры. Ён набіраў сабе новых выхаванцаў. Уважліва праслухаўшы Улада і выявіўшы ў яго асаблівы музычны слых, спецыяліст паабяцаў, што песня дапаможа хлопчыку «пачысціць» маўленне.
Так і здарылася. Улад стаў сур’ёзна займацца вакалам і ў хуткім часе пачаў выразна вымаўляць усе літары. А неўзабаве яго выступленні разам з малодшымі братам і сёстрамі сталі галоўным упрыгожаннем усіх канцэртных праграм, якія ладзіліся ў клубе ці школе. Варта заўважыць, што неаднаразова Улад адбіраўся і на раённыя музычныя конкурсы, дзе дамагаўся вялікіх поспехаў. Пра сваё музычнае дараванне сам спявак гаворыць вельмі сціпла: «Нічога асаблівага, спяваю, як магу».
Пра свае музычныя дасягненні шчыра распавёў другі сын Людмілы Раманаўны — Станіслаў.
— Мама кажа, што я з маленства «заявіў» пра сябе: як закрычаў гучна ў першы раз, так і працягваю гучна спяваць да гэтага часу. Выступаю на ўсіх школьных і сельскіх святах. Ездзіў нават у Пружаны на конкурс «Лесвіца поспеху», акрамя таго, у складзе сухопальскага калектыву рэгулярна спяваю на раённым фестывалі «Крыніца — грыбоў сталіца», — з задавальненнем кажа юны артыст.
Сёння ў школе гэтага шчырага і прыязнага хлопчыка з любоўю называюць «Стасам Міхайлавым», але сам ён прызнаецца, што ні на кога раўняцца не збіраецца. «Згадзіцеся, ну, што асаблівага ў тым Міхайлаве? Я прыдумаю свой новы музычны напрамак», — рэзюмуе Стас.
Не адстае ад братоў і Ксенія Мазіна, якая вучыцца ў 3-м класе.
— Сваё музычнае шэсце Ксюша пачала яшчэ ў дзіцячым садку, дзе без яе не абыходзілася ні адно свята, — расказвае пра старэйшую дачку Людміла Раманаўна. — З маленькіх гадоў нароўні з дарослымі выканаўцамі яна пачала ездзіць на канцэрты ў Шарашэва, Крыніцу і нават Пружаны.
Што цікава, у сваёй творчасці дзяўчынка раўняецца на лепшыя музычныя ўзоры савецкай песеннай спадчыны: з задавальненнем пераглядае старыя казкі і мульцікі, каб у чарговы раз праспяваць разам з героямі «От улыбки станет всем светлей», «Голубой вагон бежит, качается», «Ах, в Африке реки вот такой ширины» і іншыя вядомыя песенькі.
— На жаль, у сучасных мульціках і фільмах песні іншыя, не такія меладычныя, таму яны і не запамінаюцца, — з веданнем справы кажа Ксюша, і цалкам згаджаецца з ёй малодшая сястра Вікторыя, якая стала ёй годнай заменай у дзіцячым садку: сёння Віка — галоўная зорка на ўсіх ранішніках.
— Пашанцавала ж нашым бацькам! Не сям’я, а цэлы хор у нас, — смяюцца дзеці Мазіны, — нават наша малодшанькая Сонечка стараецца падпяваць. Дарэчы, яна сваё імя зусім не апраўдвае: бывае, сваімі песнямі будзіць па начах усю сям’ю. І такі «жывы канцэрт» — да самай раніцы. Без усякай фанаграмы.
Алена Зялевіч.