Віншаванні ад раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў з нагоды прафесійнага свята — Дня работнікаў гандлю — прымаў калектыў прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Санаргандаль».
Прафсаюзны лідар раёна Таццяна Гаманчук падкрэсліла значнасць дзейнасці работнікаў гандлёвай галіны. Звяртаючыся да калектыву, Таццяна Юр’еўна пажадала не толькі з лёгкасцю дасягаць высокіх эканамічных паказчыкаў, павышаць якасць абслугоўвання, але і фінансавай стабільнасці прадпрыемству, каб работнікі атрымлівалі годную заработную плату, якая будзе дазваляць рабіць як неабходныя пакупкі, так і адпачываць. Калектывы абодвух магазінаў «Санар», якія знаходзяцца ў нашым горадзе, атрымалі каштоўныя падарункі ад раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў.
Прафсаюзная пярвічка на базе ПГВУП «Санаргандаль» створана пару месяцаў таму. Гандлёвае прадпрыемства развіваецца стабільна, дзякуючы чаму наймальнік мае магчымасць даваць работнікам не толькі сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя заканадаўствам, але і аказвае матэрыяльную дапамогу з нагоды як радасных, так і сумных падзей, што здараюцца ў жыцці: гэта і выплаты да юбілеяў, святаў, з выпадку смерці родных і інш. Усё гэта і будзе адлюстравана ў калектыўным дагаворы арганізацыі, які сёння знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.
Да слова, гэта адзіная ў раёне прафсаюзная пярвічка, якая створана на прыватным прадпрыемстве. Членамі прафсаюза тут з’яўляюцца 99% работнікаў калектыву.
НА ЗДЫМКУ: падарунак атрымлівае старшыня прафсаюзнай пярвічкі Наталля Тырынава.
Марына Вакульская.