Суббота, 14 декабря 2024

В Ружанах состоялся уникальный футбольно-исторический турнир «Кубок Канцлера Льва Сапеги»

1 123

У Ружанах прайшоў «Кубак Канцлера Льва Сапегі» — унікальны футбольна-гістарычны турнір у рамках сумеснага праекта «Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і школьнага футбольнага клуба «Чэстар» пад назвай «Гістарычны футбол». Ініцыятарам і арганізатарам гэтых спартыўных баталій стаў жыхар гарадскога пасёлка, малады настаўнік фізічнай культуры і проста заўзяты аматар футбола Ігар Шамяцюк. Згодна з яго задумкай, турнір стаў не звычайным спаборніцтвам, а культурным мерапрыемствам, здольным не толькі «падагрэць» любоў да футбола, даць штуршок да здаровага ладу жыцця, але яшчэ і абудзіць інтарэс да гісторыі роднага краю. Да слова, гэтую ідэю падтрымалі не толькі мясцовыя ўлады, але і ФК «РУХ» г.Брэста і Брэсцкая федэрацыя футбола.


Касцюміраванае шоу, якое адкрыла турнір, стала той самай злучальнай стужкай паміж багатым мінулым Ружан і днём сённяшнім. «Прывілей» аб адкрыцці першага кубка на прызы канцлера зачытаў сам Леў Сапега, дзякуючы якому без перабольшвання пасёлак сёння прыцягвае турыстаў з розных куткоў свету. Ён сустрэў гасцей з хлебам-соллю. Каб пазмагацца за галоўную ўзнагароду, у Ружаны з’ехаліся чатыры каманды гульцоў ва ўзросце ад 15 гадоў і старэйшых.

Падчас урачыстага адкрыцця яны пранеслі гербы сваіх гарадоў: «Каралі цемры» — Ружан, «Крэчат» — Бярозы, «Ваяр» — Слоніма, «Расток» — Жабінкі.
Матчы ў рамках турніру праходзілі на пасялковым стадыёне, які знаходзіцца побач з палацавым комплексам. На працягу некалькіх гадзін тут ішлі гарачыя баталіі. Турнір адкрыўся гульнёй паміж Ружанскай і Слонімскай камандамі, якая закончылася з лікам 0:1 (прычым лік мог бы быць большым, каб «Ваяр» змог падчас гульні рэалізаваць два пенальці).
Бадай, самым напружаным і відовішчным стаў матч гульцоў з Жабінкі і Бярозы. Падчас асноўнага часу ніводная з каманд так і не змагла запісаць на свой рахунак ніводнага гола. Пераможца — жабінкаўскі «Расток» — літаральна вырваў перамогу падчас пенальці (лік 6:5), хоць і не абышлося без чырвоных картак.
Трэцяя гульня стала самай выніковай за час правядзення турніру: Ружаны і Бяроза, якія выйшлі на поле, каб вызначыць, каму дастанецца бронза, заончылі матч з лікам 2:1. А ў фінальнай гульні, дзе сустрэліся «Расток» (Жабінка) і «Ваяр» (Слонім), толькі гульцу з Жабінкі ўдалося запісаць адзін гол на рахунак каманды і тым самым дапамагчы ёй стаць абсалютнай пераможцай турніру.
Па выніках турніру, лепшым абаронцам быў названы Ігар Сяркевіч са Слоніма, лепшым гульцом — Мікіта Карпучык з Жабінкі, лепшым варатаром — Аляксандр Гарашко (Жабінка). У камандзе гаспадароў турніру вылучыліся Васіль Кечка і Ілья Андрос — лепшы бамбардзір і лепшы малады гулец адпаведна.

sdr


Акрамя прыемных эмоцый і новых уражанняў, удзельнікі і пераможцы турніру атрымалі кубкі, медалі, мячы, майкі з эмблемай АБФФ, а таксама памятныя сувеніры ад Брэсцкай федэрацыі футбола, ФК «Рух» (Брэст) і ШФК «Чэстар» (Ружаны).

dav


Адметна, што падчас падрыхтоўкі да турніру ружанскія аматары футбола зрабілі яшчэ адну добрую справу: на тэрыторыі палацавага комплекса правялі масавы суботнік. Адным словам, паспелі ўсё адразу.
Марына Вакульская.

Фота
Юрыя Малышэўскага