Понедельник, 9 декабря 2024

В Ружанах прошел праздник поселка «Белорусский Версаль»

1 042

Пасёлак з адценнем шляхетнасці

Так трапна, на мой погляд, назвала Ружаны старшыня мясцовага сельвыканкама А.У.Манчык падчас «Беларускага Версаля» — свята пасёлка, якое тут, на падворку палацавага комплексу роду Сапегаў, адзначылі ў мінулую нядзелю.
Гісторыя пасёлка, без перабольшання, багатая, адметная. Але не толькі яна сёння з’яўляецца каштоўнасцю пасёлка, насельніцтва якога, да слова, складае каля трох тысяч чалавек. «Поспех сённяшніх Ружан — гэта поспех людзей, якія жывуць на гэтай зямлі», — упэўненасць у гэтым выказаў госць свята старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. За апошнія некалькі гадоў значных вынікаў на раённым і абласным узроўнях дасягнулі мясцовыя футбалісты, якіх згуртаваў аматар гэтай гульні Юрый Манцэвіч. Энтузіяст, які прывёў сёлета ружанскую каманду да абласнога чэмпіянату па футболе, быў адзначаны Граматай.
На думку намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча, жыхарам пасёлка ёсць чым ганарыцца. «У вас і цудоўная прырода, і прыгожая архітэктура, і прадпрыемствы, якія працуюць стабільна. А галоўнае — землякі: таленавітыя, працавітыя. Многія дасягненні, што ёсць у раёне, звязаны непасрэдна з Ружаншчынай і яе жыхарамі», — зазначыў Руслан Васільевіч у сваёй віншавальнай прамове. Ён уручыў Грамату райвыканкама М.М.Максімаву, які шмат гадоў аддаў медыцыне і доўгі час узначальваў калектыў Ружанскай бальніцы.
Шмат цёплых слоў пра Ружаны сказалі яшчэ адны ганаровыя госці свята — паэты Людміла Воранава і Валянцін Семяняка.
Шчыра і ўзнёсла гаварыла пра родны пасёлак, яго жыхароў і важнасць малой радзімы ў жыцці чалавека старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Манчык. «Час ідзе. Аблічча пасёлка мяняецца. Але важна не страціць унікальнасць і самабытнасць, якія прыцягваюць сюды людзей», — зазначыла Аксана Уладзіміраўна. Яна ўручыла граматы і падзячныя лісты сельвыканкама З.Я.Гайдук, А.У.Раўнейку, Л.М.Маскалевічу, якія ў розныя гады займалі пасаду старшыні пасялковага Савета. Зінаіда Яўгенаўна, напрыклад, была мэрам Ружан 17 гадоў і за гэты час зрабіла шмат добрых спраў для пасёлка. А Аляксандр Уладзіміравіч і сёння не сядзіць склаўшы рукі: удзельнічае ў грамадскім жыцці Ружан.
Увогуле за дзве гадзіны, што заняла афіцыйная частка свята, на сцэну (яе ўсталяванне, дарэчы, праспансіравала ЗВУП «Бударама», якое таксама было аддзячана памятным падарункам) паднялося некалькі дзясяткаў ружанцаў. Многія з іх былі ўшанаваны калектывамі, у якіх працавалі ці працуюць сёння. Напрыклад, ААТ «Ружаны-Агра» ўручыла адным з лепшых сваіх працаўнікоў сертыфікаты на халадзільнікі. А кіраўніцтва санаторыя «Ружанскі» вырашыла ў гэты дзень адзначыць сваіх пенсіянераў, якія працавалі тут практычна з дня адкрыцця здраўніцы. Людзі, што знайшлі сябе на ніве адукацыі: настаўніца біялогіі А.П.Бычак і ветэран педагагічнай працы Н.М.Яхіцкая, — прымалі словы ўдзячнасці ад сваіх калег. Медыкі, культработнікі,
удзельнікі мастацкай самадзейнасці, работнікі гандлю і прадстаўнікі іншых сфер дзейнасці пачулі шчыры «Дзякуй!» за сваю нястомнасць, самаадданасць, прафесіяналізм.
Сем’і Стомпараў, Вінаградавых і Кубаркаў атрымалі памятныя падарункі за тое, што робяць свае падворкі, а разам з тым і пасёлак, незвычайна прыгожымі і дагледжанымі. Акрамя таго, назвалі на свяце і тых, хто ўжо падтрымаў уласнымі дзеяннямі акцыю «Добрыя справы для малой радзімы», якую сёлета ініцыявала мясцовая ўлада.
Усе гэтыя афіцыйныя моманты ўдала разнастайвалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці пры Ружанскім цэнтры культуры і вольнага часу: хор ветэранаў працы, вакальны гурт «Ваколіца», салісты Уладзіслаў Махвіч, Ангеліна Зайнуліна, Кацярына Свяцкая.
Падчас свята пастараліся згадаць усіх, хто пакінуў свой адметны след у гісторыі пасёлка: хто добрымі ўчынкамі на карысць роднага краю, хто плённай працай на сваім рабочым месцы, хто таленавітасцю, дзякуючы якой праславіў сваю малую радзіму.
Не забылі нават пра тых, хто ўжо пайшоў з жыцця…
…Святочная праграма «Беларускі Версаль» была разлічана практычна на цэлы дзень. З дзесяці гадзін раніцы на мясцовым стадыёне разгортваліся футбольныя баталіі за першынство ў пасёлку, у якіх удзельнічалі чатыры каманды. Пераможцы таксама прымалі віншаванні і падарункі на сцэне падчас афіцыйнай часткі.
Маленькія госці свята маглі забавіць час на гульнёвых атракцыёнах моладзь — на фестывалі «КоларФэст», цікаўныя — у выставачных залах музея, каля палатак з сувенірамі.
А завяршылі свята пасёлка танцавальна-забаўляльная праграма і святочны феерверк.
Марына Вакульская. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *