Конкурс прафесійнага майстэрства сярод зялёных гаспадарак вобласці, які традыцыйна праводзіцца ў населеных пунктах, якія прымаюць абласныя «Дажынкі», пакінуў пасля сябе незабыўныя ўражанні. І справа не толькі ў перамогах, якія заваявалі тыя або іншыя каманды (вынікі падводзіліся па трох групах, і, нагадаем,
пружанская каманда ў сваёй групе заняла другое месца). Прыгажосць і пазітыўныя эмоцыі — вось што набылі і маюць магчымасць надоўга захаваць Ружаны.
Кветкаводы з Кобрына перасягнулі саміх сябе — усталявалі рукатворны грамафон, які патанае ў стракатых кветках. Невыпадкова яны не проста сталі лепшымі ў сваёй групе, але і атрымалі дадатковы дыплом — за фантазію і крэатыў.
Здаецца, «Месца для чакання», аформленае камандай з Лунінца, палюбіцца цяпер многім пасялкоўцам.
Гэтая кампазіцыя падыдзе не толькі ў якасці фотазоны, але і для таго, каб пасядзець на лавачцы каля раяля, які струменіць водар духмяных кветак.
ВКУП «Камунальнік» горада Брэста вельмі трапна дало сваёй кампазіцыі назву «Спадчына». Як растлумачыла задумку галоўны аграном прадпрыемства Аксана Гаргун, калектыў пастараўся з дапамогай кветак адлюстраваць невялікую, але вельмі маляў-нічую частку нашай спадчыны — прыгажосць прыроды. На іх «узлеску» знайшлося месца не толькі расадзе традыцыйных кветак, якія можна ўбачыць на гарадскіх клумбах, але і грыбам, лісе, зробленым з ружаў на аснове спецыяльнага аазіса, які дазволіць кампазіцыям радаваць вока на працягу двух тыдняў.
Буслоў, як сімвалаў кахання, дабра і шчасця, «пасялілі» ў цэнтры пасёлка. «Што такое Радзіма? Найперш, гэта месца, дзе жывеш. Для гэтай птушкі — буслянка», — тлумачыць ідэю кампазіцыі майстар зялёнай гаспадаркі Ляхавіцкай ЖКГ Алена Макрыцкая.
Адна з пінскіх каманд з дапамогай расаднага матэрыялу паўтарыла абрысы карты нашай краіны, другая паставіла ў сваёй рабоце акцэнт на матыльках. «Родны кут» у сваім разуменні адлюстравалі работнікі з Іванава, «Родныя вытокі» — азеляняльнікі з Жабінкі. Каманда з Баранавіч прысвяціла свой салют з кветак Вялікай Перамозе.
Дзесяць з васямнаццаці каманд былі адзначаны арганізатарамі конкурсу ў той ці іншай намінацыі. Пераможцы атрымалі не толькі дыпломы, але і грашовыя прызы ад арганізатараў конкурсу: Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў і БАУП «Упраўленне ЖКГ».
Бясспрэчна, прыгожы прэзент ад прафесіянальных азеляняльнікаў атрымалі да «Дажынак-2019» Ружаны. Прафесіянальныя кветкаводы гавораць, што пры належным доглядзе кампазіцыі могуць радаваць вока жыхароў пасёлка яшчэ некалькі гадоў.
Але як доўга гэтыя кветкавыя дываны «пражывуць», залежыць у тым ліку і ад саміх ружанцаў, якія таксама могуць даглядаць прыгожыя клумбы, пасаджаныя перад іх дамамі.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.