У рамках Адзінага дня інфармавання насельніцтва старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун сустрэўся з калектывам Пружанскага КУВП «Камунальнік». Асноўнай тэмай сустрэчы сталі вынікі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Акрамя таго, на парадку дня быў шэраг іншых пытанняў, сярод якіх вынікі работы Пружаншчыны за першае паўгоддзе.

Што тычыцца спорту, члены інфармацыйнай групы расказалі не толькі пра яркую спартыўную падзею, якая адбылася ў Беларусі. Галоўны спецыяліст райвыканкама Аляксей Лапыка, які курыруе пытанні спорту і турызму, спыніўся і на мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне для далучэння насельніцтва да здаровага ладу жыцця. Да слова, амаль чвэрць жыхароў раёна падтрымлівае спартыўна-аздараўленчыя акцыі і мерапрыемствы, якіх летась на Пружаншчыне прайшло больш за 130.
Нядаўна былі падведзены вынікі работы рэгіёна за паўгоддзе. Як выглядаюць асноўныя эканамічныя паказчыкі ў Пружанскім раёне, паведаміў старшыня райвыканкама Юрый Бісун.
Што тычыцца эканамічнай сітуацыі на прадпрыемстве, дзе пабывала інфармацыйная група, Юрый Бісун ахарактарызаваў яе як вельмі складаную.
— Даходы і выдаткі павінны быць суразмернымі,— выказаў сваё меркаванне старшыня райвыканкама. — Зарплата павінна падымацца апраўдана, прычым у рабочых і інжынернай службы не павінна быць такой вялікай розніцы ў заробку.
Хутка ўступіць у сілу новае заканадаўства, якое рэгулюе працоўныя адносіны. Асноўныя змяненні, якія прынясе дакумент, работнікам камунальнай службы раёна пракаменціравала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук.
Пра крымінальную сітуацыю на Пружаншчыне расказаў начальнік РАУС Аляксандр Гук. Варта адзначыць, што ў барацьбе са злачыннасцю пружанскія праваахоўнікі сёлета змаглі палепшыць вынік: нягледзячы на тое, што не абышлося без цяжкіх злачынстваў, учыненых у адно-сінах да непаўналетніх, забойства на глебе п’янства, на сённяшні дзень узровень злачыннасці ў раёне ніжэйшы за сярэднеабласны.

Прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні членам інфармацыйнай групы. Старшыня прафсаюзнай пярвічкі Людміла Мазюк, напрыклад, пацікавілася даступнасцю медыцынскіх паслуг на Пружаншчыне. Галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ В.М.Дараневіч растлумачыў, што ў сістэме аховы здароўя раёна па-ранейшаму адчуваецца недахоп кадраў. Але над гэтай праблемай пастаянна працуюць: медыцынскія кадры праходзяць перанавучанне на ўрачоў агульнай практыкі, даюцца заяўкі на маладых спецыялістаў. У жніўні да работы ў сістэме аховы здароўя прыступяць 24 маладыя ўрачы, 17 з іх будуць працаваць непасрэдна ў Пружанах. Але, на жаль, такія спецыялісты, як ЛОР і уролаг, застануцца ў дэфіцыце.
Не хапае фінансаў камунальнай службе раёна на тое, каб спілаваць аварыйныя дрэвы на гарадскіх праваслаўных могілках. Іх там налічваецца каля 250. Падчас моцнага ветру яны ўяўляюць сабой рэальную пагрозу цэласнасці помнікаў і, тым самым, дастаўляюць галаўны боль камунальшчыкам. Каб назбіраць каля 50 тысяч рублёў (прыкладна такая сума неабходна), старшыня райвыканкама параіў больш актыўна праводзіць работу з грамадскасцю: як адзін з варыянтаў збору грошай — правядзенне суботніка. А вось для вырашэння вытворчых пытанняў, на якія ў раённым бюджэце не прадугледжана сродкаў, Ю.Ю.Бісун рэкамендаваў актыўна прыцягваць сродкі Сусветнага банка і Еўрапейскага банка развіцця.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).