Пасля працяглага перапынку ў раёне зноў адноўлены спаборніцтвы па стральбе сярод членаў грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Абсалютным пераможцам на іх стаў Дзмітрый Кудзелька з в.Залессе.
Як расказаў старшыня раённага структурнага падраздзялення Д.В.Пракопчык, на першы раз было вырашана правесці стралковае шматбор’е па дзвюх намінацыях, у якіх і выбраць пераможцаў па агульнай колькасці «выбітых» ачкоў.
Месцам правядзення стала Ліноўская паляўнічая дача непадалёк ад пас. Інтэрнацыянальны, дзе ў мінулую суботу сабралася 15 стралкоў са сваімі стрэльбамі і карабінамі. Каб заваяваць перамогу, кожнаму неабходна было патрапіць у мішэнь з трох выстралаў і набраць максімальна магчымую колькасць ачкоў. А потым разбіць чатыры «лятаючыя» талеркі чатырма патронамі.
Сваё слова ў выпрабаванні ўнесла надвор’е: амаль усе спаборніцтвы праходзілі пад праліўным дажджом. Таму ў некаторыя моманты пацэліць у мішэнь на адлегласці 35 метраў было даволі складана. Словам, умовы былі максімальна набліжаныя да «баявых».Перад пачаткам на агульным пастраенні Д.В.Пракопчык пазнаёміў удзельнікаў спаборніцтваў з правіламі і ўмовамі, нагадаў аб патрабаваннях бяспекі.
Па выніках першага этапу самым трапным стаў У.П.Саскевіч з в.Шані, якому толькі аднаго бала не хапіла да максімальных трох дзясяткаў. Крыху саступілі яму Д.А.Кудзелька (25 балаў) з в.Залессе і Л.А.Мартынюк (24 балы) з г.Пружаны.
Больш складаным быў этап стральбы па талерках, выстрэльваемых спецыяльным апаратам. Цяжкасці заключаліся ў тым, што стралок павінен наводзіць стрэльбу толькі тады, калі талерка вылецела ў паветра. Каб трапіць у мішэнь, у яго ёсць толькі некалькі секунд. Прычым сам аб’ект пастаянна мяняе накірунак палёту. У выніку большая частка талерак паляцела ў кустоўе непашкоджанымі. Толькі трое паляўнічых змаглі разбіць тры з чатырох магчымых. Паміж імі і былі разыграны прызавыя месцы гэтага этапу. У чарговы раз Д.А.Кудзелька апынуўся на другім месцы, толькі крыху саступіў яму Ю.В.Белы з г.Кобрына (па сцвярджэнні якога, ён упершыню прымаў удзел у такім выпрабаванні). А пераможцам суддзі прызналі М.С.Кіцеля з г.Пружаны.Пасля кароткай нарады былі падведзены вынікі. Кубкам за першае месца і патранташам у якасці прыза быў узнагароджаны Д.А.Кудзелька (40 ачкоў), другое месца і прызавы мангал атрымаў У.П.Саскевіч, а госць з Кобрына Ю.В.Белы павёз дадому бронзавы кубак і змазку для стрэльбы . Граматамі і літаратурай аб правілах палявання і рыбалкі былі адзначаны ўсе прызёры прамежкавых этапаў.
Напрыканцы Дзмітрый Вячаслававіч адзначыў, што такія зборы будуць праводзіцца зноў, і бліжэйшыя адбудуцца восенню.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).