Вторник, 21 января 2025

В районе прошел семинар-совещание по заготовке кормов

1 003

Касавіца для аграрыяў — не менш сур’ёзны экзамен, чым жніво. І справа не толькі ў колькасці: неабходна нарыхтаваць кармы належнай якасці, а гэта азначае, што захоўваць трэба і тэрміны, і тэхналогію ўборкі траў, і рыхтаваць належным чынам тэхніку. Менавіта гэтым пытанням і быў прысвечаны раённы семінар-нарада, які прайшоў у мінулую суботу. Ён стаў своеасаблівым працягам чарговага пасяджэння райвыканкама, дзе таксама разглядаліся гэтыя пытанні.


На поле паблізу в.Задвараны былі запрошаны кіраўнікі і галоўныя спецыялісты аграпрамысловых акцыянерных таварыстваў. Да іх і звярнулася першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Т.А.Вараб’ёва: Таццяна Анатольеўна зазначыла, што з-за ўмоў надвор’я нарыхтоўка травяністых кармоў у нашым раёне пачалася пазней на два тыдні. Таму зараз гаспадаркам трэба за дзень убіраць не менш за 6% плошчаў, каб управіцца за 18 дзён. Але назваць гэта «аўралам» нельга: у сельгасарганізацый ёсць усе магчымасці выканаць работы ў нармальным рэжыме. І дасягнуць, нягледзячы на тыя ўмовы, што дыктуе надвор’е, пастаўленых задач: нарыхтаваць на зімоўку не менш за 28 кармавых адзінак на галаву жывёлы.


Выступоўцу падтрымаў і старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, які адзначыў, што многае залежыць ад арганізацыі працы. Асабліва Юрый Юр’евіч скіраваў увагу ўдзельнікаў семінара на адказнасць інжынернай службы гаспадарак: галоўныя спецыя-лісты павінны сачыць за тэхнікай літаральна на працягу ўсяго перыяду яе работы. А не проста выпускаць трактары за вароты гаража і «забывацца» пра іх.
— І клас кармоў таксама залежыць не ад аграномаў, а ад інжынераў,— падкрэсліў старшыня райвыканкама.— Бо першыя толькі вырашаюць, што сеяць і калі ўбіраць, а вось другія павінны пільна сачыць за тым, як паводзіць сябе тэхніка, ці выконваюцца тэхналогіі і гэтак далей.


На правах гаспадара сельгас-арганізацыі са становішчам спраў у ААТ «Айчына», асаблівасцямі сёлетняй корманарыхтоўкі азнаёміў дырэктар П.Т.Жук. Хваліцца кіраўнік не стаў, хаця і адзначыў, што падрыхтоўка гаспадаркі да касавіцы сёлета выйшла на новы, больш якасны ўзровень. Напрыклад, некалькі палепшылі машынна-трактарны парк, што адразу дае станоўчы вынік у працы. Але ж чвэрць сенакосаў таварыства — пад пяцігадовым травастоем, з-за чаго рэзка зніжаецца аддача палёў. І гэта, на думку старшыні райвыканкама, не было б праблемай, калі б больш удумліва кіраўнікі арга-нізацый падыйшлі да складання структуры кармавых плошчаў.
— Неабходна пралічыць мэтазгоднасць вырошчвання кукурузы ў ранейшым аб’ёме,— за-значыў Ю.Ю.Бісун.— Так, дырэктарам для справаздачнасці гэта культура вельмі выгадная, бо дае адразу істотныя аб’ёмы. Але ж якасць такая, што праз кароткі тэрмін гаспадаркам няма чым карміць пагалоўе.
Па словах кіраўніка раёна, большы эфект мае вырошчванне шматгадовых раслін, і гэтаму ёсць станоўчыя прыклады нават у суседніх з Пружаншчынай раёнах.


Не менш актуальным у гэты перыяд застаецца пытанне пажарнай бяспекі. Летась выратавальнікі пяць разоў змагаліся з агнём, пашкоджана дарагая тэхніка, гаспадаркам давялося рамантаваць шэраг аб’ектаў, а некаторыя страцілі ў пажарах каштоўныя кармы. І як паказвае аналіз здарэнняў, адбыліся яны не з-за неадольных прычын, а з-за звычайнай халатнасці. У некаторых выпадках да ўзгарання прывяло грубае грэбаванне элементарнымі правіламі пажарнай бяспекі. Пра гэта прысутным расказаў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Р.А.Рашанок, якога пад-трымаў і старшыня райвыканкама. Але ж ён выказаўся ў пад-трымку і кіраўнікоў гаспадарак, якія паскардзіліся на тое, што новая тэхніка, якую выпускае айчынны вытворца, часта не адпавядае дзеючым супрацьпажарным патрабаванням. Дык чаму пажарныя не могуць узгадніць гэтую праблему з беларускімі машынабудаўнікамі?
Напрыканцы нарады таксама было ўзнята пытанне аховы працы: намеснік старшыні райвыканкама С.М.Ханавец звярнула ўвагу кіраўнікоў аграпрамысловых ААТ на своечасовую аплату працы і выкананне іншых эканамічных абавязацельстваў перад сваімі калектывамі. Загадчык сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.В.Ільін на прыкладзе працуючага корманарыхтоўчага камбайна паказаў асаблівасці айчыннай тэхнікі і правілы бяспечнай работы на ёй.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара.