Вторник, 18 февраля 2025

В Пуще начались работы по восстановлению болота Дикое

900

На адыходзячым тыдні ў Белавежскай пушчы пачаліся будаўнічыя работы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму балота Дзікое.
Работы запланаваны на перыферыйнай, паўднёва-ўсходняй, частцы балотнага масіву плошчай 330 га. На ўчастку шырынёй каля 500 м і даўжынёй да 7 км трэба будзе пабудаваць больш 20 плацін. Гэта дазволіць стварыць своеасаблівы буфер паміж сельскагаспадарчымі землямі, якія актыўна выкарыстоўваюцца, і натуральным балотам.


Напярэдадні пачатку будаўнічых работ на балоце ў райвыканкаме адбылася прэс-канферэнцыя.

Каардынатар праграм па Беларусі Франкфурцкага заалагічнага таварыства Віктар Фянчук патлумачыў, што ўчастак для работ быў абраны невыпадкова: інстытут эксперыментальнай батанікі ацаніў становішча балотнага стану. Гэты ўчастак меліярацыйнай сістэмы Клепачы аказвае істотны ўплыў на гідралагічны рэжым, і ў мінулым годзе ён быў перададзены Нацыянальнаму парку. Начальнік Еўрапейскага аддзела Франкфурцкага заалагічнага таварыства Міхаэль Брамбахер пачаў з адказу на самае папулярнае пытанне: адкуль такая цікавасць да беларускага балота? Справа ў тым, што ў Еўропе засталося вельмі мала старых лясоў і балот, таму ў агульных інтарэсах аднавіць і захаваць тое, што магчыма.
Пра важнасць падзеі для птушак расказаў дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Аляксандр Вінчэўскі. Напрыклад, на тэрыторыі заказніка “Дзікое” сёння налічваецца каля 200 асобін чырванакніжнай чаратоўкі вяртлявай. Таму неабходна садзейнічаць натуральнай дынаміцы экасістэм.
Пасля аднаўлення гідралагічнага рэжыму балота мясцовыя жыхары павінны атрымаць і матэрыяльную зацікаўленасць. Па словах намесніка старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея Шылінчука, сённяшнія работы паспрыяюць і росту журавін.
Магчыма, некалькі расчараваў прысутных журналістаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Дзмітрый Груммо, калі папярэдзіў, што вынікі сённяшняй працы мы ўбачым не хутка. Галоўная задача цяпер — стабілізаваць водны рэжым. А імклівыя змены ў дадзенай сітуацыі, наадварот, непажаданы.
На самім аб’екце перарэзаная зялёная стужка сімвалізавала будаўніцтва першай плаціны. Работы па праекце мяркуецца выканаць на працягу месяца. У будучыні іх плануецца прадоўжыць на астатніх праблемных участках Дзікога, а таксама на іншых аб’ектах. Балотны масіў Дзікое — адно з чатырох найбуйнейшых у свеце нізінных балот, які захаваўся ў стане, найбольш блізкім да прыроднага. Узрост балота налічвае 6000 гадоў. Гэта самая тытулаваная прыродная тэрыторыя ў Беларусі, унікальная сваёй флорай і фаўнай. Як частка Нацыянальнага парку балота мае статус аб’екта Сусветнай спадчыны і біясфернага рэзервата ЮНЕСКА. Акрамя таго, яно з’яўляецца тэрыторыяй, важнай для птушак, мае міжнароднае значэнне.
Аднаўленне натуральнага гідралагічнага рэжыму ў Белавежскай пушчы вызначана як прыярытэтны напрамак. Рашэннем гэтай важнай прыродаахоўнай задачы парк паслядоўна займаецца на працягу пяці гадоў сумесна з грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкім заалагічным таварыствам (Германія) пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Кацярына Пашкевіч, фота Сяргея Талашкевіча.