Суббота, 8 февраля 2025

В Пружанском районе работает всего одна патронажная сестра. Знакомьтесь: Зинаида Ивановна

1 111

Слова «патранаж» з лацінскай мовы даслоўна перакладаецца як «апякунства». Гэта ў поўнай меры адлюстроўвае сутнасць работы патранажнай сястры, якая аказвае ўсебаковую дапамогу хворым і нямоглым. На Пружаншчыне патранажная сястра — спецыяліст, можна сказаць, штучны: у нашым раёне ўсяго адна — Зінаіда Іванаўна Вашкевіч. Тое, чым яна займаецца, — справа ўнікальная: ад яе патрабуецца спалучаць медыцынскія навыкі і паслугі сацыяльнай службы. У абавязкі ўваходзіць не толькі выкананне назначаных медпрацэдур, але і догляд падапечнага, гаспадарча-бытавыя клопаты і сацыяльнае абслугоўванне. Адным словам, стварэнне для нямоглага чалавека камфорту ў паўсядзённым жыцці. Прычым абсалютна для яго бясплатна.


Зінаіду Вашкевіч у Шарашэве называюць «Дзінай». Сваё жыццё жанчына, як і яе мама, аддала адной з самых гуманных спраў на свеце — медыцыне: толькі ў Шарашоўскай бальніцы была галоўнай медсястрой каля трыццаці гадоў. І хаця яна ўжо на заслужаным адпачынку, ад праяўлення міласэрнасці па-ранейшаму не адмаўляецца: цяпер Дзіна Іванаўна — патранажная сястра Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.


Летась у Дзіны Вашкевіч было чацвёра падапечных, цяпер засталося двое. Адзін з іх — хлопец, з якім здарылася бяда: у выніку няшчаснага выпадку малады чалавек страціў рухальныя здольнасці. Другі — пажылая жанчына, якая перанесла інсульт.


Да сваіх падапечных Дзіна Іванаўна спяшаецца практычна кожны дзень, прызнаецца, што яны для яе ўжо сталі раднёй.
— Іншы раз людзям няўцям, якая вялікая нагрузка кладзецца на сёстраў міласэрнасці. І гаворка зусім не пра фізічную дапамогу, якую даводзіцца аказваць. Куды больш гэтым людзям, з якімі нам даводзіцца наладжваць кантакт, патрэбна маральная падтрымка, — гаворыць суразмоўца. — Ва ўсіх нас розныя характары. А людзі, якія не могуць абыхо-дзіцца без старонняй дапамогі, здараецца, і ўпадаюць у дэпрэсію, і замыкаюцца ў сабе. Даводзіцца да кожнага шукаць падыход. У выніку вось такіх цесных зносін і становімся сябрамі, жывём радасцямі-нягодамі адзін аднаго.

У той дзень, калі мы дамовіліся пра сустрэчу, патранажная сястра спярша накіроўвалася да Клімашэўскіх.
— Гэта вельмі добрая сям’я, з якой прыемна мець зносіны. Некапрызная, непатрабавальная бабулька, — на хаду расказваючы пра сваю дзейнасць, зазначае патранажная сястра.


Трохі пазней Дзіна Іванаўна прызнаецца, што з гэтай падапечнай яе звязваюць даўнія цёплыя адносіны.
— Праскоўя Барысаўна шмат гадоў адпрацавала галоўнай медсястрой у мясцовай бальніцы. Школу свайго прафесійнага станаўлення я праходзіла менавіта пад яе наглядам: яна сваіх маладых падначаленых не проста вы-хоўвала — можна сказаць, няньчыла. У яе былі свае метады кіравання, у якіх яна абапіралася, у першую чаргу, на чалавечнасць. І думаю, такія добрыя, цёплыя ўспаміны пра той час засталіся не толькі ў мяне.


Дзіна Іванаўна з асаблівай цеплынёй успамінае пра той клопат, якім жанчына на рабоце атуляла сваіх падапечных. Маўляў, цяпер прыйшла чарга аддзячыць ёй.

Праскоўя Клімашэўская прыехала ў Шарашэва за мужам. Усё жыццё ставіла на ногі, ратавала людзей: і днём, і ноччу, і ў снег, і ў дождж бегла да хворых іншы раз за дзясятак кіламетраў, калі ім патрэбна была яе дапамога. Некалькі гадоў таму да яе самой прыйшла бяда: здарыўся інсульт. Пенсіянерка не адзінокая: яе дачка Марыя вярнулася на малую радзіму.


— Большую частку свайго свядомага жыцця пражыла ў Расіі — у курортным Сочы. Ну, а калі з дому прыйшла вестка, што мама захварэла, на сямейным савеце вырашылі, што я з дачкой пераязджаю ў Беларусь, — уключаецца ў гаворку Марыя Уладзіміраўна, якая тры гады таму пакінула дом каля мора і пераехала ў Шарашэва. Яна зазначае, што без дапамогі Дзіны Іванаўны ёй было б складана: менавіта яна дапамагае (наколькі гэта магчыма) падтрымліваць самаадчуванне мамы ў нармальным стане.


— Ёсць медыцынскі мінімум, які я павінна праводзіць, — удакладняе сястра міласэрнасці, — у прыватнасці, вымяраць артэрыяльны ціск, тэмпературу, праверыць сэрцабіцце, калоць уколы, калі ёсць назначэнне, і іншае. Трэба — і па доме дапамагаю.


— Добры дзень, дарагая мая Пашачка! Сёння хочацца сказаць Вам як мага больш прыемных слоў… — справа ў тым, што ў дзень нашага візіту Дзіна Іванаўна вітала падапечную па-асабліваму. — Жывіце як мага даўжэй: быццам бальзам на душу, калі Вас бачу, шчыра гавару.
Аказалася, што Праскоўя Барысаўна Клімашэўская якраз адзначала свой дзевяноста пяты дзень нараджэння. Але, нягледзячы на хваробу, якую перанесла жанчына, ёй гэтых гадоў ніколі не дасі.

-Першы час сумнявалася, што правільна зрабіла, калі згадзілася стаць сястрой міласэрнасці: вельмі балюча перажывала кожную чарговую сустрэчу з падапечнымі, асабліва калі гэта яшчэ маладыя людзі, — шчыра прызнаецца З.І.Вашкевіч. — Больш за тое, бывалі і моманты, калі думала: навошта мне гэта патрэбна? Але тут жа сябе спыняю: а хто, калі не я, дапаможа гэтым людзям?
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).