У працэдурным кабінеце Пружанскай ЦРБ з’явілася новае абсталяванне — апарат для прэсатэрапіі і лімфадрэнажу. Абсталяванне, прызначанае для аздараўлення, лячэння і рэабілітацыі дзяцей і дарослых, было набыта дзякуючы рэалізацыі райбальніцай мясцовай ініцыятывы «Здароўе чалавека — заклад здаровай нацыі» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).
«Прэсатэрапія — гэта апаратны лімфадрэнаж, які ўздзейнічае на лімфатычную сістэму чалавека з дапамогай сціснутага паветра, што падаецца праз спецыяльны касцюм, — расказвае інструктар-валеолаг ЦРБ Алена Крачко. — Абсталяванне для гэтай працэдуры створана з улікам усіх анатамічных асаблівасцей і фізіялогіі чалавека».
Прэсатэрапія карысная для пацыентаў з варыкозам, ацёкамі посттраўматычнага і пасляаперацыйнага характару, рэўматычным артрытам, вегетасасудзістай дыстаніяй, для прафілактыкі трамбозу, зніжэння мышачнай актыўнасці і сіндрому стомленых ног, пры цэрабральным паралічы, хваробе Паркінсона, слабой праходнасці кішэчніка, частых запорах, нават пры барацьбе з лішняй вагой і з цэлюлітам. І гэта яшчэ не поўны спіс паказанняў для апаратнага лімфадрэнажу. Прэсатэрапія карысная і для мужчын: яе шырока выкарыстоўваюць для лячэння эрэктыльнай дысфункцыі, а таксама з мэтай папярэ-джання прастатыту і адэномы прадсталёвай залозы.
Паколькі лімфамат уздзейнічае на цела ашчадліва, працэдуру назначаюць пры наяўнасці супрацьпаказанняў да ультрагукавой тэрапіі, электрафарэзу або ручнога масажу. Але, як зазначае Алена Міхайлаўна, прэсатэрапія, як і любая іншая працэдура, мае і супрацьпаказанні. Пры варыкозе, напрыклад, прэсатэрапія паказана толькі на пачатковых стадыях, калі не парушаны механізм зваротнага току крыві па прычыне недастатковай эфектыўнасці вянозных клапанаў. Калі ўжо з’яўляюцца сасудзістыя зорачкі або надутыя вены, правядзенне працэдуры не рэкамендавана. Акрамя таго, працэдуру не назначаюць пры вострых запаленчых працэсах на скуры, пашкоджаннях скуранога покрыва ці пераломах на ўчастку накладання манжэтаў, ныркавай недастатковасці, сухотах, сардэчна-сасудзістай недастатковасці, арытміі, наяўнасці кардыёстымулятара, алкагалізме, наркаманіі, эпілепсіі, ацёках.
У любым выпадку пра нейкія нюансы са здароўем варта папярэдзіць медыкаў.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).