Сквер сямейных пар быў закладзены ў горадзе як напамін пра тое, што чалавек павінен не толькі стварыць сям’ю, пабудаваць дом, але і пасадзіць дрэва.

Цяпер 15 клёнаў, высаджаных па-над рэчкай уздоўж вуліцы Янкі Купалы ў Пружанах, будуць нагадваць пра выкананую місію як мінімум такой жа колькасці сямейных пар. І гэта толькі пачатак добрай справы, якую ініцыяваў РК БРСМ і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Пасадка дрэў будзе працягвацца.

Як адзначыў напачатку такога пазітыўнага мерапрыемства лідар маладзёжнай арганізацыі Аляксандр Бабігорац, арганізатары былі нават прыемна здзіўлены энтузіязму, з якім адгукнуліся на прапанову пасадзіць сваё дрэва сямейныя пары.

А садзілі клёны людзі розных сфер дзейнасці, узросту і стажу сямейнага жыцця, аднак аб’яднаныя агульным — моцнымі сямейнымі сувязямі. І калі Леанід і Кацярына Бабко толькі на наступны дзень згулялі вяселле, дык сямейныя пары Аляксандра і Вольгі Бушукоў, як і Уладзіміра і Наталлі Цібароўскіх сёлета адзначаць свае першыя дзесяцігадовыя юбілеі сямейнага жыцця.

Таксама ў дзесяцігадовы юбілей сям’і пасадзіла сваё дрэўца шматдзетная сям’я Кудрашовых. Адметна, што ўдзел у такой знамянальнай падзеі прымалі ўсе разам: мама Таццяна з татам Аляксеем, іх сыночкі Антон і Дзяніс (якія ажыццяўлялі пасадку шпарчэй за бацькоў — заўвага аўтара) і нават іх дачушка Палінка, якой усяго толькі два тыдні (дзіця, вядома ж, салодка спала ў калясцы).
Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).