Вторник, 21 января 2025

В Пружанах выбрали «Миссис золотой возраст»

2 042

Разнастайных конкурсаў прыгажосці сёння ладзіцца вельмі шмат. Але такога ў Пружанах, бадай, не было ніколі: у ходзе рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Школа прыгажосці і здароўя «7 крокаў да амаладжэння» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, прайшоў конкурс «Місіс Залаты ўзрост». Да слова, на ўвасабленне ў жыццё ініцыятывы са сродкаў Еўрасаюза было выдзелена каля 11500 еўра.
Паводле ўмоў, пастаўленых арганізатарамі — Пружанскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Палацам культуры, канкурсанткамі маглі стаць жыхаркі Пружаншчыны ва ўзросце ад 60 гадоў, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры ТЦСАН. І адважыліся на гэты крок шэсць гараджанак: Клаўдзія Несцярчук, Марыя Панкратава, Марыя Тарасевіч, Тамара Рудая, Раіса Суроўцава і Галіна Прысяжнюк.


Ідэя сацыяльнай актыўнасці людзей так званага «залатога ўзросту», стварэнне ўмоў для іх самарэалізацыі, падтрымка іх актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, а таксама пошук новага, цікавага вопыту работы з імі — задачы, якія паставілі перад сабой аўтары мясцовай ініцыятывы.
Членам журы, якім выпала місія ацаніць знаходлівасць, артыстычнасць, арыгінальнасць, сцэнічнае майстэрства і іншыя якасці ўдзельніц конкурсу, шчыра кажучы, прыйшлося нялёгка: на мой погляд, кожная з жанчын была дастойная ганаровага звання. А па тым, як выступалі і дэманстравалі свае творчыя здольнасці, здалося, што ні адна з іх не адпавядала ўзросту, указанаму ў пашпарце.
Гэта канкурсанткі даказалі яшчэ падчас дэфіле-знаёмства. Яны не пераставалі здзіўляць грацыяй, артыстызмам, знаходлівасцю і падчас наступных выхадаў на сцэну. Пазнаёміцца з кожнай з прэтэндэнтак на званне галоўнай «Місіс» тыя, хто сядзеў у глядацкай зале, змаглі з дапамогай «Візітнай карткі»: у аўтабіяграфічных аповедах многія не проста ўспаміналі пра маладосць, працоўныя будні, дасягненні, расказвалі пра сваё актыўнае, насычанае жыццё на заслужаным адпачынку, але і дзяліліся патаемным.
Нялёгкай аказалася задача вылучыць лепшую і ў кулінарным конкурсе: усё-такі ўсе — гаспадыні з вялікім вопытам. Яблычны дэсерт, здобныя вавёрачкі, пірог, зроблены з «навуковым медыцынскім падыходам»… Смакоццяў нагатавалі на любы густ.
«Хто на што здатны» — так называўся адзін з конкурсаў. Многія ўдзельніцы зарэкамендавалі сябе як нядрэнныя спявачкі, Марыя Панкратава паказала сябе як цудоўная актрыса, Галіна Прысяжнюк прадэманстравала, чаму навучылася на занятках па вывучэнні італьянскай мовы, якія наведвае ў аддзяленні. Дарэчы, паэтычныя здольнасці ўсё-такі прадэманстравала кожная: гэтага патрабаваў адзін з конкурсаў, падчас якога пружанскім «Місіс» давялося ўдарыць ямбам па харэі.
А завяршылася конкурсная праграма танцамі. Дапамог жанчынам прыняць удзел у гэтай імправізацыі Анатоль Галяшчыхін, які выступіў у якасці танцавальнага партнёра.
Калі многае пры падрыхтоўцы да конкурсу (у тым ліку змену ўбораў, у якіх выходзілі на сцэну, быццам на сусветным конкурсе прыгажосці) канкурсанткі змаглі загадзя прадугледзець, то шматлікія кветкі, якія ім дарылі на сцэне родныя і знаёмыя, і арганізаваныя групы падтрымкі з плакатамі аказаліся нечаканасцю.
Святочнасці мерапрыемству надавалі выступленні артыстаў: на сцэну Палаца культуры выйшлі ўдзельніцы ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» Ірына Курусь, Дар’я Казмярчук, Валерыя Пудоўкіна, а таксама беларуская спявачка з пружанскімі каранямі Джаміля Амандурдыева.
Галоўная інтрыга конкурсу была раскрыта пасля больш як дзвюх гадзін сумленнага спаборніцтва. «Місіс Элегантнасць» была названа Тамара Рудая. Званне «Місіс Арыгінальнасць» прысвоілі Раісе Суроўцавай. Марыя Тарасевіч была прызнана «Місіс Грацыя», Марыя Прысяжнюк — «Місіс Зачараванне». Марыі Панкратавай дасталося адразу два званні: акрамя «Місіс Артыстычнасць», прысвоенага журы, свае сімпатыі ёй аддалі гледачы.
Ну, а галоўнае званне і разам з тым карону «Місіс Залаты ўзрост» атрымала Клаўдзія Несцярчук. «Гэта мая хвіліна славы», — прызналася падчас фотасесіі расчуленая жанчына, якая не магла паверыць, што заваявала галоўны тытул конкурсу.

… Ці патрэбны падобныя конкурсы для тых, каму «за…»? Безумоўна, патрэбны. Не дзеля таго, каб атрымаць нейкі памятны падарунак, забавіць час падрыхтоўкай: у першую чаргу, гэтыя спаборніцтвы дазваляюць жанчынам адчуць сябе прыгожымі, патрэбнымі і забыць пра свой узрост.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *