Тыдні падрыхтоўкі, шматгадзінныя рэпетыцыі і бясконцыя хваляванні – вось што папярэднічала выхаду чатырох маленькіх прыгажунь на сцэну Палаца культуры, дзе ў чарговы раз усіх сабраў конкурс «Міні-міс Пружаны».
Знаёмства з канкурсанткамі пачалося з візітоўкі. Дыяна Рупека з СШ №3 і Кацярына Варыцкая з гімназіі расказалі пра сябе ў вершах, абедзвюм дзяўчынкам дапамагалі хлопчыкі. А вось на дапамогу Лізавеце Зеляняк з СШ №4 на дапамогу прыйшоў тата. Яго падтрымка выглядала вельмі кранальна, хаця здавалася, што Ліза на сцэне адчувае сябе як рыба ў вадзе. Ксенія Карунас, як, дарэчы, і іншыя ўдзельніцы, рабіла акцэнт на тым, што прыгажосць унутраная не менш важная за знешнюю, таму ў запісаным напярэдадні відэа расказала пра добрыя справы, якія паспявае рабіць.
Усе дзяўчынкі ў сваіх візітоўках абвясцілі, што яны добра вучацца, таму натуральна, што наступным выпрабаваннем стаў інтэлектуальны конкурс. Дзяўчат чакалі не пытанні са школьнай праграмы — трэба было праявіць сваё веданне … мультфільмаў. Найбольш балаў у гэтым конкурсе зарабілі Дыяна Рупека і Лізавета Зеляняк.
Калі ў візітоўцы прэтэндэнткі на званне “Міні-міс” толькі расказвалі пра свае таленты, то падчас конкурсу “Мінута славы” ім давялося іх дэманстраваць. Пры вялікай групе падтрымкі спявала і танцавала Дыяна Рупека. Запамінальны нумар атрымаўся і ў Лізаветы Зеляняк, якой таксама дапамагалі сябры. А вось Ксенія Карунас увесь час змагалася адна, што не перашкодзіла ёй з запалам і гумарам выканаць песню царэўны Забавы “А я не хачу…”. З вялікай фантазіяй да творчага конкурсу падышла Кацярына Варыцкая і яе каманда. За пяць мінут дзяўчынка паспела станцаваць мноства розных танцаў: ад рок-н-рола да танга! І, што адметна, кожнаму танцу адпавядаў свой убор.
Ад конкурсу да конкурсу дзяўчынкі ўсё больш упэўнена трымаліся на сцэне, таму дэфіле выканалі як сапраўдныя мадэлі. Трэба прызнаць, што дэфіле не атрымалася б без майстрых-матуль. Чатыры непаўторныя сукенкі з сурвэтак, пакетаў і іншых падручных матэрыялаў выглядалі проста шыкоўна!
Як толькі дзяўчынкі пакінулі сцэну, вядучыя Алег Мардань і Таццяна Паласьмак аб’явілі, што, нягледзячы на лёгкую разгубленасць, журы павінна вынесці вердыкт. Як адзін з членаў журы ўпэўнена заяўляю: усе яго члены былі ў поўнай разгубленасці.
Пакуль журы раілася, а таксама падчас перапынкаў між конкурсамі перад гледачамі выступалі салісты Палаца культуры Уладзіслава Трапук, Дар’я Казмярчук, Ганна Кавальчук, Антаніна Уродніч, Дар’я Аляксейчык і Ангеліна Шумская, а таксама танцавальныя калектывы “Тапатушкі”, “Амелі” і “Рубікон”.
За сваю харызму падчас выканання песні тытул “Міс Какетка” атрымала прадстаўніца СШ №5 Ксенія Карунас. Па праве атрымала тытул “Міс Фантазія” Кацярына Варыцкая з гімназіі. Інтэлектуальны конкурс вывеў наперад дзвюх удзельніц — Дыяну і Лізавету. Крышачку больш яркай была мінута славы Лізаветы Зеляняк, якая і стала “Міні-міс Пружаны-2018”, а Дыяна Рупека на гэты раз стала “Віцэ-міні-міс”.
Усе ўдзельніцы атрымалі каштоўныя падарункі, сертыфікаты на наведванне “Тэрыторыі твайго дзяцінства” і, галоўнае, сапраўдныя кароны.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).