Пятница, 14 февраля 2025

В Пружанах выбрали «Лучшую многодетную семью года»

1 872

У мінулую нядзелю прайшоў раённы агляд-конкурс “Шматдзетная сям’я года”, які арганізавалі Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пры дапамозе аддзела культуры. Мерапрыемства праводзілася ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”.
Каб даказаць, што менавіта іх сям’я самая моцная і дружная, з розных куткоў раёна сабралася шэсць “каманд”, у кожнай з якіх, акрамя мамы і таты, было як мінімум трое дзетак. У першым конкурсе ўдзельнікам было даручана пазнаёміць прысутных са сваёй сям’ёй, яе ўкладам і традыцыямі. І хоць большасць канкурсантаў зрабіла гэта з дапамогай дэманстрацыі фотаздымкаў, прысутныя мелі магчымасць палюбавацца на ўдзельнікаў, калі тыя падняліся на сцэну.
Андрэй і Наталля Кунды: і мама з татам, і абедзве іх дачкі, і нават малодшы сын неаднаразова станавіліся героямі нашых публікацый, што і было адзначана падчас дэманстрацыі слайд-шоу. Андрэй і Наталля працуюць у “Пружанскіх электрасетках”, а дзеткі вучацца ў гімназіі. Як і ўсе прысутныя сем’і яны любяць падарожнічаць, з’яўляюцца прыхіль-нікамі актыўнага адпачынку.


У сям’і Васіля і Вікторыі Бахмецьевых з Шарашэва выхоўваецца ажно шасцёра дзетак! Бахмецьевы паспяваюць прымаць актыўны ўдзел у культурным жыцці пасёлка.


Аляксандр і Аксана Паповы цяпер жывуць у Кацёлках і працуюць у ААТ “Шані-аграпрадукт”, а прыехалі яны ў Беларусь з Луганскай вобласці суседняй з намі Украіны. Бацькі адзначылі, што вельмі шчаслівыя, што маюць магчымасць гадаваць трох дачушак пад мірным небам. А падчас падрыхтоўкі да конкурсу высветлілася, што ў хуткім часе ў сям’і чакаецца папаўненне!
Ажно дзве сям’і-ўдзельніцы маюць непасрэднае дачыненне да ААТ “Жураўлінае”.

Дзмітрый і Юлія Кобакі — шчаслівыя бацькі трох сыночкаў, тата працуе трактарыстам-машыністам (і таксама трапляў на старонкі нашай газеты), мама — бухгалтарам.
Бацькамі трох дзетак з’яўляюцца і жыхары аграгарадка Клепачы Мікалай і Таццяна Кунды. Ужо ў першым конкурсе яны не абмежаваліся дэманстрацыяй слайдаў, а зладзілі на сцэне імпрэзу.


У сям’і яшчэ адных удзельнікаў Аляксандра і Святланы Марданёў расце трое дзетак. Па ўсім было бачна, што старэйшыя брат і сястрычка добра ладзяць адзін з адным і вельмі любяць самую малодшанькую, якая амаль усё мерапрыемства праспала на руках у таты.
Пакуль зала адпачывала пад выступленні артыстаў Палаца культуры, да работы прыступіла журы. Ацэньвалі арыгінальнасць і творчы падыход да конкурсу старшыня журы намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В.І. Матвіенка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю. Гаманчук, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Саюз жанчын” Н.С. Пракаповіч, выконваючая абавязкі дырэктара Палаца культуры А.А. Лосева.


Для другога конкурсу ўдзельнікам неабходна было падрыхтаваць сацыяльна значны праект “Мая сям’я – мая краіна”. Як і ў папярэднім конкурсе, на дапамогу канкурсантам прыйшлі сямейныя фотаальбомы. Гартаючы іх, дарослыя расказвалі пра свой уклад у дабрабыт краіны, сумленную працу, узнагароды. Адметна, што многім удзельнікам-дзецям таксама ёсць чым пахваліцца. Усе яны на добрым рахунку ва ўстановах адукацыі, многія наведваюць школы мастацтваў і спартыўныя секцыі. Падчас прадстаўлення праекта ўсе сем’і пацвердзілі, што яны не выпадковыя ўдзельнікі, а кожны мае права звацца “Лепшай шматдзетнай сям’ёй года”. Усе да адной сем’і расказалі пра свае традыцыі і ўсе адзначылі, што па вялікіх святах абавязкова збіраюцца ўсе разам.

Такая нагода была ў гэты дзень у сям’і Андрэя і Наталлі Кундаў: 31 сакавіка іх сыну Марку споўнілася 8 гадоў. Родныя павіншавалі яго прама на сцэне, а ўся зала падтрымала апладысментамі.
Яшчэ ў фае Палаца культуры было бачна, што ў кожнай сям’і ёсць свае таленты: на сталах былі прадстаўлены дэсерты, а таксама вышыўка, малюнкі і разнастайныя вырабы. Апошні — творчы – конкурс аказаўся самым відовішчным. У кожнай сям’і жывуць спевакі! Дзмітрый і Юлія Кобакі разам з сынамі на радасць усім дзецям выпусцілі ў залу мноства паветраных шарыкаў. А вось у сям’і Марданёў вырашылі, што самая таленавітая ў іх — сярэдняя Кацюша. Каця выступіла з нумарам ігры на домры, з якім яна заняла прызавое месца на міжнародным конкурсе.

І хоць у асноўным спявалі на сцэне мамы і дачушкі, у самай шматдзетнай — сям’і Бахмецьевых “слова ўзяў” тата.
Свята падышло да заканчэння, самыя малодшыя ўдзельнікі паспелі і стаміцца, і выспацца, калі ўсіх запрасілі на сцэну.

Трэцяе месца заняла сям’я Дзмітрыя і Юліі Кобакаў, другое месца ў сям’і Андрэя і Наталлі Кундаў, а вось бясспрэчнымі пераможцамі аб’явілі Мікалая і Таццяну Кундаў.

Матэрыялы конкурсаў сям‘і пераможцы будуць прадстаўлены на абласным этапе.
Кацярына Пашкевіч, фота Сяргея Талашкевіча.