Суббота, 14 декабря 2024

В Пружанах встречали эстафету «100 лет на страже Родины», приуроченную к юбилею пограничной службы Республики Беларусь

852

28 мая, калі адзначаўся 100-гадовы юбілей пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, у Мінску на плошчы Перамогі стартавала рэспубліканская эстафета «100 гадоў на варце межаў Айчыны». Яна прайшла ўздоўж межаў нашай краіны.
Удзельнікі гэтага сімвалічнага мерапрыемства вырашылі пабываць ва ўсіх прыгранічных беларускіх гарадках, абавязкова наведаць помнікі воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны і правесці на кожным прыпынку ўрачыстыя мерапрыемствы. 

19 чэрвеня эстафету, якая праехала больш за чатыры з паловай тысячы кіламетраў, сустрэлі і Пружаны. З гэтай нагоды каля помніка «Спаленым вёскам» прайшоў урачысты мітынг, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржорганаў, маладзёжных аб’яднанняў, работнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада, а таксама гараджане. Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч, які ў сваім выступленні нагадаў пра подзвіг пагранічнікаў, якія першымі сустрэлі ворага 22 чэрвеня 1941 года. Адзначыў Руслан Васільевіч і тое, што сёння праўнукі тых герояў працягваюць стаяць на варце суверэнітэту нашай краіны, ахоўваючы спакой у тым ліку і жыхароў Пружаншчыны. Са словамі падзякі за дапамогу ў захаванні дзяржаўных межаў да пружанцаў звярнуўся намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь палкоўнік Д.Г. Квяткоўскі. 
Таксама перад удзельнікамі мітынгу выступілі ветэран пагранслужбы В.А.Лапацін і навучэнец аграрна-тэхнічнага каледжа Ілья Магілёў. Адбылося ўскладанне вянкоў і кветак да абеліска. 
Мерапрыемства доўжылася непрацяглы час, але пагранічнікі яшчэ доўга не пакідалі Пружаны. Яны прывезлі з сабой мабільную экспазіцыю, прысвечаную станаўленню айчыннай пагранслужбы, яе гераічным перыядам і людзям. І жадаючых паглядзець на гістарычныя экспанаты, кожны з якіх «пражыў» нямала, было шмат. А каб падтрымаць настрой наведвальнікаў, увесь гэты час перад жыхарамі горада выступаў ваенны духавы аркестр Брэсцкай пагрангрупы, які выканаў усім вядомыя мелодыі. 
Эстафета пакінула Пружаны, каб пабываць у іншых гарадах. Фінал яе адбыўся ў Брэсцкай крэпасці-героі.
Алег Сідарэнка,
фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *