У бягучым годзе масленічны тыдзень адзначаўся даволі рана — з 12 па 18 лютага. І няхай зіма яшчэ не здаецца, але ні мароз, ні халодны вецер не змаглі сапсаваць святочны настрой сустрэчы вясны, які панаваў у мінулую нядзелю на гарадской плошчы. Тут сіламі пружанскіх артыстаў было праведзена народнае свята — Масленіца.
З размешчанай пад адкрытым небам сцэны гаспадыня Масленіца і тры яе сыны — Крэндзель, Пончык і Аладак — дарылі гледачам жарты, песні і заклікалі вясну на змену халоднаму надвор’ю. Разам з імі выступалі такія вядомыя жыхарам раёна калектывы, як «Родники», «2+2», іншыя самадзейныя спевакі і спявачкі. Многія госці свята пажадалі прыняць удзел у даволі цікавых спаборніцтвах, за што атрымалі падарункі. А самых актыўных артысты частавалі масленічнымі блінамі.
Таксама на канцэрце сярод тых, хто не счарсцвеў сэрцам, праводзілася дабрачынная акцыя па зборы сродкаў на лячэнне юнага пружанца Цімафея Дырмана.
Варта заўважыць, што не толькі артысты наладжвалі на свяце вясенні настрой. Стварэнню атмасферы народных гулянняў спрыялі разнастайныя прысмакі ад філіялаў райспажыўтаварыства, што прадаваліся на гандлёвых радах. Самай знакавай стравай падчас мерапрыемства, безумоўна, былі бліны ды аладкі, якія прапаноўваліся пакупнікам як у «чыстым» выгля-дзе, так і з рознымі начынкамі. Гатаваліся яны адразу на месцы і расхопліваліся літаральна «з пылу, з жару».
Побач са святочнай пляцоўкай была арганізавана своеасаблівая арэна, дзе жадаючыя маглі выпрабаваць сваю сілу ў армрэстлінгу або трапнасць у дартсе. Нямала гледачоў прыцягнула і выстава тэхнікі і спецыяльнай экіпіроўкі, падрыхтаваная супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Дарэчы, дэманстрацыя была інтэрактыўнай, таму госці свята маглі не толькі паглядзець на сучаснае абмундзіраванне пажарных-выратавальнікаў, але і прымераць на сябе, што многія і зрабілі.
Аднак найбольш прыцягальным стаў конкурс па пераадоленні «масленічнага» слупа, на вяршыні якога самых моцных чакалі каштоўныя падарункі. Сёлета гэты конкурс стаў самым інтрыгуючым. Напачатку спробы адолець васьміметровы слуп не мелі поспеху. І гэта нягледзячы на актыўную падтрымку балельшчыкаў, на шматлікія запрашэнні вядучых свята. Ужо нават здавалася, што падарункі так і застануцца на самым версе слупа, пакуль першым з дапамогай сваіх сяброў гэтую перашкоду не пераадолеў дзесяцікласнік СШ №4 Марк Снегур.
Крыху пазней па той жа схеме з «пабудовай» піраміды з каманды падтрымліваючых на вяршыню слупа забраўся трэцякурснік аграрна-тэхнічнага каледжа Дзяніс Яўтушчык.
НА ЗДЫМКАХ: падчас святкавання Масленіцы.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).